viasna on patreon

Журналісты вучацца адстойваць све правы

2008 2008-11-21T10:15:29+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

20 лістапада ў Мінску ў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пачаў працу «круглы стол» на тэму «Прававыя аспекты журналісцкай бяспекі», удзел у якім узялі супрацоўнікі рэгіянальных СМІ, юрысты БАЖ і праваабаронцы.

Падчас сустрэчы журналісты абмяркуюць пытанні абароны сваіх інтарэсаў, недатыкальнасці жытла, псіхалагічныя аспекты ўзаемадзеяння са следчымі.

У першы дзень гаворка была прысвечана тэме паводзінаў журналістаў падчас допытаў у якасці сведкаў.

«Гэтыя веды патрэбныя не толькі журналістам, але і любому грамадзяніну, паколькі ўсе мы ў розныя моманты можам апынуцца сведкамі, — распавёў БАЖ адзін з удзельнікаў сустрэчы, праваабаронца Барыс Звоскаў. — Напрыклад, хтосьці абрабаваў кватэру вашых суседзяў. Абавязкова апытваць будуць усіх. Альбо вы бачылі, як здарылася нейкае злачынства. І зноўку вы будзеце сведкам. А як следчыя органы працуюць са сведкамі? Дапытваюць. Допыт — гэта гульня, у якой ёсць свае правілы. На жаль, большасць з нас гэтых правіл не ведае. Між тым, мы павінныя вывучаць свае правы і абавязкі, а таксама абавязкі і правы следчых».

На думку Барыса Звоскава, «круглы стол» закліканы ўдасканаліць веды журналістаў, надаць ім больш упэўненасці.

Падобныя сустрэчы для журналістаў Барыс Звоскаў праводзіць рэгулярна і можа ацаніць іх эфектыўнасць. Па словах праваабаронца, за апошнія 10 гадоў журналісты навучыліся вызначаць неправамоцнасць дзеянняў следчых, абскарджваць іх, адстойваць свае правы.

«Зараз журналісты не баяцца звяртацца да пракурораў, у вышэйшыя інстанцыі. Канешне, ім не хапае дэталёвых ведаў. Гэтаму яшчэ давядзецца павучыцца», — адзначыў Барыс Звоскаў у гутарцы з прэс-службай БАЖ.

Пацверджаннем таго, што журналістам часам не хапае ведаў у галіне абароны сваіх правоў, могуць служыць татальныя ператрусы ў кватэрах нашых калегаў 27 сакавіка. Нагадаем, па «справе аб мультфільмах» яны праходзілі як сведкі.

«Зразумела, што ўсё гэта „шыта белымі ніткамі“, бо крымінальная справа была ўзбуджана па факце ўзнікнення ў медыйнай прасторы мультфільмаў. Але журналісты мультфільмаў не ствараюць. Яны — не рэжысёры і не мультыплікатары. З гэткім жа поспехам можна было праводзіць ператрусы ў кіроўцаў тралейбусаў», — лічыць Барыс Звоскаў.

Але, калі ў тваю кватэру прыходзяць з ператрусам, звычайна людзі губляюцца і забываюцца на «правілы паводзінаў». Для таго, каб гэта здаралася як мага радзей, падчас «круглага стала» запланавана некалькі «сітуацыйных гульняў».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства