Мясцоваму жыхару Івацэвіцкага раёну прысудзілі 204 тысячы рублёў штрафу за распаўсюд друкаваных выданьняў
Як паведаміла Радыё Свабода, адміністрацыйная камісія Івацэвіцкага райвыканкаму пакарала мясцовага жыхара Станіслава Халадовіча штрафам за незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў у памеры 204 тысячы рублёў.
Падставай для пакараньня стала тое, што спадар Халадовіч распаўсюджваў у вёсцы Горталь Івацэвіцкага раёну расейскую “Новую газэту”, брашуру Васіля Лявонава “Бяз права на памылку” і інфармацыйныя матэрыялы пра дзейнасьць кааліцыі “Пяцёрка плюс”.
Калі Станіслаў Халадовіч (дарэчы, былы міліцыянт) зьехаў з вёскі, там раптоўна зьявіліся супрацоўнікі міліцыі, якія сканфіскавалі ў мясцовых жыхароў прывезеную ім з райцэнтру літаратуру. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні быў складзены ўжо ў Івацэвічах. Прычым ані ў пратаколе, ані ў пастанове адміністрацыйнай камісіі не прыведзеная аргумэнтацыя, у чым палягае парушэньне закону з боку спадара Халадовіча.