viasna on patreon

Гарадзенскі суд: без ідэнтыфікацыі пакуль не абысьціся

2008 2008-11-14T10:14:01+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Незвычайная справа разглядалася грамадзянскім судом Ленінскага раёну Гародні 12 лістапада. Дзьве верніцы праваслаўнай царквы – Леанарда Сурба і Тацяна Мешчаракова склалі ў суд пазоў на супрацоўнікаў органаў Гарадзенскага абласнога упраўленьня унутраных спраў і Кастрычніцкага раённага аддзелу ўнутраных спраў. Абедзьве жанчыны патрабавалі выдаць ім грамадзянскія пашпарты без так званага ідэнтыфікацыйнага (асабістага) нумару.

 

Гэтае патрабаваньне яны абгрунтоўвалі тым, што па іх перакананьні кожны такі ідэнтыфікацыйны нумар утрымлівае ў сабе тры закадаваныя шасьцёркі – лічбу д’ябала. На думку верніц такім чынам парушаецца іх грамадзянскае і хрысьціянскае права на ўласнае імя, ідзе своеасаблівая падмена асабістага імя. Свае дзейсныя пашпарты гэтыя жанчыны, а таксама шэраг іхных аднадумцаў, пасьля адпаведных складзеных заяваў адаслалі ў органы упраўлення ўнутраных спраў. Зараз, жывучы без пашпартоў, яны маюць пастаянныя праблемы, прыкладам з атрыманьнем пенсій. Муж Леанарды Сурбы, які таксама адмовіўся ад свайго пашпарту з асабістым нумарам, не можа абмяняць правы кіроўцы, пастаянна, па яго словах, сустракаецца з іншымі праявамі дыскрымінацыі яго грамадзянскіх правоў.

 

Як паведамляюць мясцовыя праваабаронцы, судовы працэс доўжыўся больш трох гадзін. Суддзя Людміла Жукоўская тлумачыла заяўнікам пазову, што развязаць гэтае пытаньне на іх карысьць – не ў кампетэнцыі суду раённай інстанцыі, які ніякім чынам не можа адысці ад беларускага заканадаўства, а таксама прасіла прадставіць вынікі адпаведнай экспертызы, якая датычыць асабістага нумару ў пашпарце. Верніцы спасылаліся на аналагічныя судовыя працэсы, якія адбыліся ў Расеі, на пастанову Свяцейшага Сіноду Расейскай Праваслаўнай Царквы і на афіцыйную пазіцыю Беларускага Экзархату РПЦ. Гэтая афіцыйная пазіцыя ў працэсе судовага разгляду, аднак, так і не была высветлена. Адказчыкі, прадстаўнікі Гарадзенскага упраўлення унутраных спраў і аддзелу ўнутраных спраў Кастрычніцкага раёну даводзілі сваю пазіцыю, спасылаючыся на дзейснае заканадаўства.

   Урэшце суд прагназавана не задаволіў патрабаваньне заяўнікаў іску. Па словах вернікаў, аналагічны працэс ужо адбыўся ў Наваполацку, на чарзе Магілёў. Па ўсяму відаць, яны перакананыя ў сваёй рацыі і маюць намер ісьці далей па судах вышэйшых інстанцый.

Гэтае змаганьне за адмену ідэнтыфікацыйных нумароў доўжыцца ўжо каля сямі год. За гэты час вернікі склалі вельмі шмат зваротаў і скаргаў у розныя інстанцыі – ад Канстытуцыйнага суду да дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, сабралі процьму супярэчлівых афіцыйных і неафіцыйных папер. Станоўчага выніку пакуль няма. Але галоўнае пытаньне зараз – як сапраўды жыць гэтым людзям без пашпартоў, калі гэты дакумант у сённяшніх беларускіх рэаліях патрабуецца на кожным кроку?        

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства