viasna on patreon

У аналітычным аглядзе “Асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця і існаваньня беларускага трэцяга сэктару”, падрыхтаваным і прэзентаваным Асамблеяй няўрадавых арганізацыяў, адзначаецца ўзмацненне ціску з боку дзяржавы

2005 2005-07-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 ліпеня актывісты Асамблеі няўрадавых арганізацыяў прэзэнтавалі аналітычны агляд “Асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця і існаваньня беларускага трэцяга сэктару”, паведаміла Радыё Свабода.

Старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч назваў агляд першай спробай аналізу дзейнасьці беларускага трэцяга сэктару, няўрадавых арганізацыяў і іх ўплыву на грамадзтва.

Аўтары агляду адзначаюць, што за апошнія тры месяцы ўлады распачалі шырокамаштабны наступ на грамадзкія аб’яднаньні. Для многіх зь іх сур’ёзнай стала праблема набыцьця юрыдычнага адрасу ў зьвязку з патрабаваньнем Міністэрства юстыцыі перавесьці арганізацыйныя структуры партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у памяшканьні нежылога фонду. Многім аб’яднаньням у гэтай справе вынесеныя афіцыйныя папярэджаньні, дзясяткі рэгіянальных структур страцілі рэгістрацыю. У судовым парадку былі ліквідаваныя Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, Беларуская арганізацыя скаўтаў. Гаворыць юрыст выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юры Чавусаў: “Паводле нашых падлікаў, з 1 сьнежня да 1 чэрвеня 2005 году ў Беларусі зьніклі 38 арганізацыяў. Гэта ўключна з судовымі ліквідацыямі і самаліквідацыямі. Бо апошнім часам мы назіраем такую тэндэнцыю — не было ніводнага суду, каб паводле пазову Міністэрства юстыцыі суд прыняў бы рашэньне на карысьць грамадзкай арганізацыі. Суд заўжды задавальняе пазовы Міністэрства юстыцыі”.

Юры Чавусаў не выключае, што ў найбліжэйшы час рэпрэсіі ўладаў супраць грамадзкіх аб’яднаньняў могуць узмацніцца. Нядаўна прынятыя Палатай прадстаўнікоў зьмены і дадаткі да Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях даюць шырокія магчымасьці прыпыняць дзейнасьць і ліквідоўваць арганізацыі. А 1 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №302, паводле якога істотна абмяжоўваецца дзейнасьць няўрадавых фондаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства