Алег Гулак: Самае сур'ёзнае пытанне засталося без адказу
На сваім паседжанні 18 верасня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў разгледзела сем пытанняў.
Разгледжаная і не здаволеная скарга кандыдата па Лагойскай акрузе № 67 Мікалая Ляшчуна, якому ЦВК вынес папярэджанне за парушэнне Выбарчага кодэкса: школьны настаўнік не сыйшоў у адпачынак на перыяд выбарчай кампаніі.
Здаволеная скарга Ўладзіміра Сямашкі, кандыдата па Бабруйскай-Ленінскай акрузе №78, якому было вынесенае папярэджанне за тое, што ў сваім агітацыйным выступе на тэлебачанні кандыдат даў неаб'ектыўную інфармацыю аб кошце абслугоўвання лядовага палаца, спаслаўшыся на эканамістаў гарвыканкама. ЦВК не пагадзіўся з ацнкай акруговай камісіі, што гэта паклёп на эканамістаў гарвыканкама, і адмяніў папярэджанне.
Таксама ЦВК разгледзеў пытанне аб законнасці фармавання акруговых выбаркамаў. Гэтае пытанне было вынесена на мінулым паседжанні сябрамі ЦВК з правам дарадчага голасу ад апазіцыйных партый. Яны таксама прасілі разгледзець законнасць фармавання ўчастковых камісій. Але ЦВК адмовіўся гэта рабіць, аргументаваўшы немагчымасцю праверыць каля 6500 участковых камісій. Рашэнне па пытанні законнасці фармавання акруговых камісій не прымалася - была заслуханая інфармацыя і крытычныя заўвагі сяброў ЦВК, якія вынеслі пытанне на разгляд.
Сябры камісіі з правам дарадчага голасу ад апазіцыйных партый паспрабавалі дадаць яшчэ пытанні аб разглядзе скарг кандыдатаў, звязаныя з агітацыяй, але ЦВК адхіліў просьбу, паколькі, па словах Лідзіі Ярмошынай, гэта занадта малаважныя пытанні, камісія зараз не гатовая на іх адказваць. Паводле рэгламенту, гэтыя пытанні разгледзяць у працоўным парадку.
Таксама былі прынятыя дзве пастановы, якія растлумачваюць ужыванне выбарчага заканадаўства. Першая датычыць магчымасці атрымання грамадзянамі выбарчага бюлетэня ў выпадку адсутнасці пашпарта, пры прад'яўленні іншых дакументаў. Акрамя таго, былі дапоўненыя метадычныя рэкамендацыі па працы ўчастковых камісіяў у частцы апячатвання скрыняў для датэрміновага галасавання.
На паседжанні ЦВК былі зарэгістраваныя 55 кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. Камісія вывяла са складу ЦВК Маргарыту Жораву ў сувязі з тым, што яна была зарэгістраваная кандыдатам у Савет Рэспублікі.
Каментуючы ход паседжання ЦВК, назіральнік у Цэнтральнай камісіі, старшыня БХК Алег Гулак адзначае, што "у цэлым яно прайшло ў нармалёвым працоўным рэжыме. Але самае сур'ёзны пытанне - законнасць фармавання ўчастковых камісій - так і засталося без адказу. Камісія відавочна не жадала яго разглядаць, а сябрам ЦВК ад апазіцыйных партый не хапіла настойлівасці, каб упэўніць Цэнтральную камісію зрабіць гэта".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"