Брэст: Анатоль Ляўковіч скардзіцца
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 Анатоль Ляўковіч накіраваў у Цэнтрвыбаркам адразу некалькі скаргаў.
Анатоль Ляўковіч абскарджвае адмову Брэсцкага гарвыканкама ў правядзенні агітацыі ў выглядзе пікетаў. Разам з тым, раней па аналагічнай заяве такія пікеты выканкам дазволіў правесці першаму намесніку партыі Ігару Маслоўскаму, які балатуецца па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3.
Другая заява звязана з тым, што, згодна з жараб'ёўкай, Ляўковіч павіен быў выступаць ў эфіры "Тэлерадыёкампаніі "Брэст" 8 верасня ў 18.10, а ў рубрыцы "Тэлеменю" мясцовай газеты быў памылкова ўказаны час эфіру - у 18.15 (фактычна транслявалі ў 18.05), што дэзінфармавала глядачоў. Кіраўнік тэлерадыёкампаніі Ларыса Дабрадумава паведаміла кандыдату аб правядзенні службовага даследавання дадзеннага факта. Выявілася, што "неадпаведнасць заяўленага і фактычнага часу з' явілася вынікам тэхнічнай памылкі", што "інцыдэнт вычарпаны, і вінаватыя жорстка пакараны". Ляўковіч патрабуе паўтарыць ягоны тэлезварот да выбаршчыкаў.
Таксама кандыдат патрабуе тэрмінова выправіць сітуацыю з размяшчэннем яго агітацыйных плакатаў, таму што на акрузе размешчаны плакаты толькі яго канкурэнта -- дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Вялічкі (напрыклад, на Цэнтральным рынку, у Брэсцкім дзяржуніверсітэце).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”