Журналістам "Витебского курьера" адмаўляюць у інфармацыі
На прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Віцебскім гарвыканкаме ў пачатку траўня, карэспандэнту "Витебского курьера" Сяргею Кочатаву не дазволілі задаць пытанне. "А мы "Курьер" наогул не клікалі! - заявіў начальнік аддзелу інфармацыі гарвыканкама Віцебска Алег Абросімаў. - Таму ніякіх пытанняў з вашага боку!".
На прэс-канферэнцыі галоўны архітэктар горада Барыс Лядзенка растлумачыў неабходнасць будаўніцтва ў межах Віцебска аўтазаправачнай станцыі. "Витебский курьер" пісаў пра тое, што жыхары найбліжэйшых шматпавярховых дамоў абураныя будаўніцтвам гэтага аб'екту і накіроўваюць мноства лістоў у адпаведныя дзяржаўныя органы. Менавіта з прычыны розгаласу гэтага інцыдэнту была скліканая прэс-канферэнцыя.
У сярэдзіне траўня ў пракуратуры Віцебскай вобласці карэспандэнту газеты "Витебский курьер" Жанне Пагарэлавай адмовіліся прадаставіць інфармацыю, суправадзіўшы адмову каментаром: "Не ў той газеце працуеце".
Служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"