Разгляд крымінальнай справы, заведзенай Барысаўскай гарадской пракуратурай у дачыненні да рэдактара газеты "Борисовские новости" Анатоля Букаса, працягнецца 6-га траўня.
Яго абвінавачваюць у паклёпе і абразе галоўнага рэдактара газеты Барысаўскага гарвыканкаму "Адзінства" Веры Пратасевіч. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае за такія "злачынствы", - гэта зняволенне тэрмінам да 2 гадоў альбо абмежаванне волі да 3 гадоў. На слуханнях, якія пачаліся ў судзе г. Барысава 29-га красавіка, В. Пратасевіч вылучыла яшчэ і зыск аб кампенсацыі маральных стратаў на суму 5 млн. рублёў.
На слуханнях 29-га красавіка прадстаўнік Барысаўскай пракуратуры заявіў, што яго ведамства лічыць неабходным перагледзець пастанову аб прыцягненні А. Букаса ў якасці абвінавачанага, паколькі папярэдняя пастанова была складзеная некарэктна. Аднак, пра зняцце абвінавачанняў з рэдактара гаворкі не вядзецца.
Нагадаем: 3-га лістапада пракурор г. Барысава В. Шпакоўскi ўзбудзіў крымінальную справу па факце публікацыі ў газеце "Борисовские новости" артыкула Анатоля Букаса "Звезданутый пострел везде поспел, или молчание ягнят", у якім ідзе гаворка пра рэдактара мясцовай афіцыйнай газеты "Адзінства" Веру Пратасевіч. Публікацыя рэдактара "Борисовских новостей" была адказам на тры публікацыі ў афіцыйнай газеце, у якіх яго асоба была прадстаўлена ў негатыўным святле. Спрэчны артыкул з'явіўся ў "Борисовских новостях" яшчэ ў сакавіку, але крымінальная справа была заведзеная толькі ў лістападзе. У студзені 2005 г. пракуратура г. Барысава выдала пастанову аб прыцягненні А. Букаса ў якасці абвінавачанага па справе (па артыкулах 188 і 189 КК РБ).
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"