Алеся Чыгіра не апраўдалі
Магілёўскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў пастановы суду Бабруйску ў дачыненьні да палітыка Алеся Чыгіра. Судзьдзя абласнога суду Мікалай Гладкі агучыў толькі прысуд і не прывёў ніякіх аргумэнтаў.
На судзе Алесь Чыгір не прысутнічаў, была толькі ягоная адвакатка Мар’яна Сямешка.
У часе працэсу яна прыводзіла прыклады шматлікага парушэньня адміністрацыйнага заканадаўства і парушэньняў афармленьня міліцыянтамі пратаколаў апытаньняў сьведкаў і пацярпелых, а таксама пратаколаў затрыманьня.
Адвакатка зазначыла, што бабруйскі суд не дасьледаваў як сьлед абставінаў сытуацыі, пры якой нібыта было зьдзейсьнена Чыгіром правапарушэньне. Яна таксама зазначыла, што затрыманьне міліцыянтамі А.Чыгіра – гэта спроба адпомсьціць за грамадзкую і палітычную дзейнасьць.
Мікалай Гладкі не ўлічыў заўвагі прадстаўніка абароны.
28 ліпеня суд Бабруйску пакараў А.Чыгіра дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту і аштрафаваў на 2 мільёны 270 тысячаў рублёў.