viasna on patreon

Менская вобласць: "Гульні з назіральнікамі" пры фармаванні ўчастковых камісій

2008 2008-08-14T09:18:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 жніўня прайшлі паседжанні раённых выканаўчых камітэтаў, падчас якіх былі зацверджаныя склады ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У Салігорскі, Капыльскі, Слуцкі, Клецкі і Нясвіжскі райвыканкамы назіральнікамі ад РПГА "БХК" загадзя былі прадстаўленыя пісьмовыя заявы з просьбай дапусціць іх на гэтыя паседжанні. Аднак, аказалася, што ўсё не так проста.

Назіральнік Віктар Дашкевіч быў дапушчаны на паседжанне Капыльскага райвыканкама. Па ягоных словах, выканкам сфармаваў участковыя выбарчыя камісіі на працягу 15 хвілін, гэта значыць, старшыня райвыканкама прапанаваў прагаласаваць за ўжо гатовы спіс. Ніякага разгляду заяваў аб вылучэнні ў склад участковых камісій не было, самі заявы не агалошваліся. Назіральнік папрасіў азнаёміцца з пратаколамі або заявамі аб вылучэнні ў склад участковых камісій, але яму ў гэтым было адмоўлена. Пасля гэтага паседжанне выканкама было завершанае.

Назіральніка Алега Нікуліна таксама дапусцілі на паседжанне Клецкага райвыканкама. Прыкладна праз 15 хвілін пасля пачатку паседжання назіральнік папрасіў прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з пратаколамі і заявамі аб вылучэнні ў склад участковых выбарчых камісій. Рэакцыя членаў выканкама была даволі цікавай - паседжанне Клецкага райвыканкама было абвешчана закрытым, і назіральніка з гэтага паседжання выдалілі.

Назіральніка Казіміра Кавецкага, які 12 жніўня прыйшоў у Салігорскі райвыканкам, на паседжанне выканкама не дапусцілі. Пры гэтым адмовіліся праставіць кнігу заўваг і прапаноў, у якой ён хацеў напісаць скаргу на незаконныя дзеянні службовых асобаў райвыканкама. У сувязі з гэтым К.Кавецкі звярнуўся з пісьмовай заявай на імя пракурора Салігорскага раёна, у якой запатрабаваў пракурорскага рэагавання на адмову супрацоўнікаў выканкама выдаць яму кнігу заўваг і прапаноў.

Назіральніку Ўладзіміру Паклонскаму ў Нясвіжскім райвыканкаме адмовіліся прадставіць інфармацыю пра дату і час правядзення паседжання выканкама па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій. Як ён даведаўся пазней, паседжанне Нясвіжскага райвыканкама прайшло 12 жніўня.   

Таксама не быў праінфармаваны пра дату, месца і час правядзення паседжання Слуцкага райвыканкама і назіральнік Віталь Амяльковіч. Больш за тое, знаходзячыся 12 жніўня ў будынку Слуцкага райвыканкама і даведаўшыся, што ў адным з яго памяшканняў праводзіцца паседжанне райвыканкама па фармаванні ўчастковых камісій, ён папрасіў паведаміць яму нумар памяшкання, але ў гэтым яму было адмоўлена. Ужо пасля завяршэння паседжання В.Амяльковіч папрасіў азнаёміць яго з інфармацыяй пра персанальныя склады сфармаваных участковых камісій. На гэта яму сказалі, што яго права як назіральніка ад РПГА "БХК" распаўсюджваюцца толькі на дзеянні Слуцкай акруговай выбарчай камісіі, дзе ён зарэгістраваны назіральнікам, а рашэнні і дзеянні райвыканкама - гэта не яго прэрагатыва. Пры гэтым яму растлумачылі, што пра склады участковых камісій ён зможа даведацца з мясцовых СМІ. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства