26 красавіка мінуў год з таго дня, як быў арыштаваны былы амбасадар і міністар Міхаіл Марыніч. Зараз ён адбывае пакараньне ў калёніі. Паводле судовага рашэньня – нібыта за прыўлашчаньне кампутараў.
Міхаіл Марыніч лічыцца арыштаваным з 26 красавіка 2004 году, хаця гісторыя ягонага затрыманьня пачалася на некалькі дзён раней. Позна ўвечары інспэктар менскай дарожнай службы спыніў аўтамабіль Марыніча нібыта за перавышэньне хуткасьці. Цікава, што пратакол аб парушэньні хуткаснага рэжыму Марынічам гэтак і ня быў складзены. Інспэктар адразу запатрабаваў паказаць багажнік аўтамабіля і выклікаў па рацыі дапамогу.
Ужо праз колькі хвілінаў пад’ехаў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КГБ і адвёз Марыніча з асабістымі рэчамі на агляд. Працэдуру агляду зьнялі на відэа і 26 красавіка стужку ўбачыла ўся краіна. Галоўныя месца ў сюжэце займалі 90 тысяч даляраў, якія чэкісты знайшлі ў кейсе экс-міністра. Пракуратура абвясьціла, што частка даляраў фальшывыя, а таму Марыніч будзе затрыманы, пакуль разьбяруцца, адкуль у яго гэтыя грошы.
Сапраўды: як у былога міністра і амбасадара, чалавека вельмі вядомага ва ўладных колах Беларусі, Расеі, заходніх краінаў, аказаліся фальшывыя даляры? Сыны Марыніча перакананыя: фальшыўкі бацьку падкінулі супрацоўнікі КГБ, і ня выключана, што гэта адбылося яшчэ да таго, як ён сеў у свой аўтамабіль.
"Калі яго затрымалі, ён жа ехаў са свайго гаража, і за ім сачылі ад гаража. А сьведкі потым распавялі, што каля гаража бачылі нейкіх людзей падазроных. Потым з гэтым кейсам з грашыма яго і затрымалі. Атрымліваецца, што частку грошай раней падмянілі на фальшывыя", -- паведаміў “Радыё Свабода” сын палітзьняволенага Павал Марыніч.
А што казаў пра тое сам Марыніч? З паходжаньня 90 тысяч “зялёных” сакрэту ён не рабіў, паведаміў: сябры ў Расеі далі на перадвыбарчую кампанію. На сьледзтве выказваў вэрсію – фальшыўкі падкінулі. Між тым, суд над Марынічам, які адбыўся праз 8 месяцаў пасьля ягонага арышту, фінансамі наагул не займаўся. Былога міністра абвінавацілі ў выкраданьні кампутараў, а эпізод з фальшыўкамі вылучылі ў асобную справу, паводле якой ён лічыўся сьведкам. Сьведкаў, згодна зь беларускім законам, з матэрыяламі крымінальнай справы знаёміць нельга, таму Міхаіл Марыніч і дагэтуль ня ведае, адкуль узяліся фальшыўкі, ці сапраўды яны былі.
Паводле Радыё Свабода