«Вольны горад» дапыталі наконт выбуху ў Мінску
Журналістаў недзяржаўнай маланакладнай крычаўскай газеты «Вольны горад» (Магілёўская вобл.) супрацоўнікі міліцыі апыталі з нагоды выбуху 4 ліпеня ў Мінску.
Як паведаміў у гутарцы з прэс-службай БАЖ рэдактар «Вольнага горада» Сяргей Няроўны, на мінулым тыдні міліцыянты наведаліся ў прыватнае жыллё да яго, а таксама да заснавальніка газеты Уладзіміра Кудраўцава і супрацоўніка рэдакцыі Мікалая Гердзія.
«Каля 18.00 22 ліпеня да мяне дахаты прыйшоў супрацоўнік Крычаўскага РАУС Дзмітрый Сідарэнка і курсант, які не прадставіўся. Абодва ў цывільнай вопратцы. Цікавіліся, дзе я быў 4 ліпеня, і хто можа пацвердзіць мае словы. Таксама пыталіся, хто, на маю думку, мог арганізаваць выбух, і адкуль я даведаўся пра здарэнне. Гэтыя пытанні я палічыў некарэктнымі і адмовіўся на іх адказваць», — распавёў сп. Няроўны.
Размова вялася без складання пратаколу.
Па словах С. Няроўнага, Уладзіміра Кудраўцава адвялі для гутаркі ў міліцэйскую машыну. Задавалі пытанні наконт захавання зброі, судзімасцяў і г.д. У канцы размовы яму прапанавалі падпісаць дакумент, што ён азнаёмлены з занатаваным.
Паколькі Мікалая Гердзія падчас візіту міліцыянтаў не аказалася дома, на пытанні мусіла адказваць яго суседка. Міліцыю цікавіла, як паводзіць сябе сп. Гердзій у сям’і, ці не скандаліць.
Сяргей Няроўны расцэньвае такія паводзіны мясцовай міліцыі як спробу псіхалагічнага ціску.
«Гэта здарылася на наступны дзень пасля таго, як я накіраваў заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні мяне кандыдатам у дэпутаты. Гердзій і Кудраўцаў уваходзяць у маю ініцыятыўную групу», — кажа С. Няроўны.