viasna on patreon

У Цэнтрвыбаркам паступіла тры скаргі на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп

2008 2008-07-29T15:40:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На гэты момант у ЦВК Беларусі паступіла толькі тры скаргі на адмову акруговых выбарчых камісій у рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Нагадаем, што працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп падыходзіць да завяршэння. Усяго было пададзена 448 заявак ад жадаючых балаціравацца ў парламент шляхам збору подпісаў. Канчатковыя даныя аб колькасці зарэгістраваных груп паступяць у Цэнтрвыбаркам з акруговых камісій у бліжэйшы час, адзначыў Мікалай Лазавік. Ён падкрэсліў, што "асноўная частка ініцыятыўных груп зарэгістравана без якіх-небудзь заўваг".

Усе атрыманыя скаргі будуць разгледжаны на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі 31 ліпеня. Акрамя таго, ЦВК абмяркуе пытанні, звязаныя з наступнымі этапамі парламенцкай выбарчай кампаніі, у прыватнасці, перыядам агітацыі і прапаганды. Будуць зацверджаны дакументы, якія датычацца выкарыстання кандыдатамі ў дэпутаты эфірнага часу на радыё і тэлебачанні, вызначаны склад Назіральнага савета па кантролю за выкананнем парадку правядзення агітацыі ў СМІ. "Плануецца таксама прыняць і іншыя дакументы, якія будуць садзейнічаць дакладнаму і аднолькаваму прымяненню выбарчага заканадаўства", - дадаў Мікалай Лазавік.

Агітацыйны перыяд пачнецца пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і завершыцца 27 верасня. Рэгістрацыя кандыдатаў будзе праходзіць з 19 па 28 жніўня. Асноўная дата выбараў - 28 верасня 2008 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства