Апазіцыянераў звальняюць з працы па ўказцы ўладаў
Кастуся Жукоўскага, гомельскага каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", папярэдзілі пра звальненне з працы.
З год Жукоўскі працуе ў прыватнай фірме, якая аказвае паслугі таксі. Як паведаміў сам актывіст, кіраўнік фірмы выклікаў яго ў кабінет і паказаў улётку, якую распаўсюджваў К.Жукоўскі. "Начальніку нехта прынёс гэтую ўлётку і запатрабаваў мяне звольніць, - упэўнены апазіцыянер. - Мне паставілі ўмову: альбо я спыняю ўсялякую палітычную дзейнасць, альбо 1 жніўня мяне звальняюць. Зрабіць гэта фірма не мае права - у мяне падпісаны кантракт. Але я не хачу, каб у начальніка былі праблемы, да таго ж ён так паступае не са сваёй волі, таму я сам прыняў рашэнне звольніцца".
Дырэктар прыватнага прадпрыемства "Интэргрань", дзе працуе апазіцыянер, адмовіўся каментаваць для БелаПАН прычыны звальнення супрацоўніка. Толькі адзначыў, што істотных прэтэнзіяў да працы таксоўца не мае.
На выбарах у верасні К.Жукоўскі плануе вылучацца ў кандыдаты ў дэпутаты "парламента" па Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе. З гэтым ён звязвае ціск на працы. Актывіст плануе трапіць на прыём да намесніка старшыні аблвыканкама, выказаць сваё бачанне палітычнай сітуацыі і нагадаць аб адказнасці за палітычныя рэпрэсіі.