Палажанка: канфіскавалі матэрыялы да кампаніі байкоту
Як мы ўжо паведамлялі раней, увечары 21 ліпеня адбыўся ператрус кватэры моладзевай арганізацыі “Малады фронт”. Сярод затрыманых была Наста Палажанка. Яна паведаміла падрабязнасці гэтага здарэння:
- Дзесьці цягам гадзіны нам званілі ў дзверы міліцыянты. Паколькі дзверы дастаткова моцныя, яны не маглі іх адчыніць без дадатковых тэхнічных прыладаў. Таму яны проста званілі, затым было зацішша. Мы праверылі з дапамогай людзей, што былі на вуліцы, ці ёсць яны там. Даведаліся, што іх няма, адчынілі дзверы, некалькіх чалавек выпусцілі, каб яны паспелі сыйсці. Людзі паспелі сыйсці. І ў гэты час з верху ўварваліся міліцыянты. Атрымалася вялікая патасоўка. У кватэры засталася я і яшчэ двое паплечнікаў. І ў гэты момант пачаўся сам вобшук. Яны глядзелі, выносілі, спрабавалі задаваць пытанні. Мы, зразумела, не мелі жадання размаўляць з гэтымі людзмі. Сярод міліцыянтаў былі і супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Наста Палажанка таксама паведаміла, што падчас вобшуку было канфіскавана шмат друкаванай прадукцыі, расцяжак, якія былі зроблены да кампанію байкоту выбараў.