Журналіста Сяргея Панамарова міліцыя груба выдаліла з райвыканкама
Намер журналіста, актывіста Руху “За Свабоду” Сяргея Панамарова трапіць на сустрэчу клецкіх чыноўнікаў з прадпрымальнікамі (якіх запрасілі ў абавязковым парадку) сутыкнуўся з катэгарычным непрыманьнем уладаў.
Сяргей Панамароў з журналісцкім пасведчаньнем увайшоў у будынак райвыканкама і нават падняўся да 4 паверха. Але пасля атрыманьня інструкцый, ахова будынка з ужываньнем гвалту выпіхнула Панамарова на вуліцу.
Міліцыянт груба штурхнуў яго з лесвіцы 3-га паверха, калі ён паспрабаваў зайсці ў кабінет старшыні райвыканкама, каб паскардзіцца на незаконныя дзеяньні аховы.
Я наляцеў на сцяну, на твары з’явілася кроў… Пасля гэтага я накіраваўся у пракуратуру і судмедэкспертызу, – распавядае Сяргей Панамароў.
Актывіст Руху сумняваецца, што вінаватых пакараюць. На яго думку, у прыслужнікаў улады развязаныя рукі і яны адчуваюць сябе бяспакаранымі. Міліцыянт на развітаньне абяцаў знайсці паў-райвыканкама сведкаў, што Панамароў сам стукнуўся аб сцяну. Тым не менш, Сяргей Панамароў намераны дабівацца справядлівасьці. // Сайт Аляксандра Мілінкевіча