У Ваўкавыску галадаюць ужо 25 чалавек
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
Да ваўкавыскіх галадоўнікаў далучыліся новыя ўдзельнікі. На сёньняшні дзень у акцыі пратэсту ўдзельнічаюць 25 чалавек. Найбольш галадае прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які адмаўляецца ад ежы ўжо 14-дзень. Ён адчувае кволасьць, але гаворыць, што здолее галадаць досыць доўга.
Да кіроўцаў фірмы “Ніка-транс”, якіх большасьць сярод галадоўнікаў, далучыліся два вэтэраны савецкай вайны ў Аўганістане, якія не працуюць у фірме. Сёньня раніцай яны занесьлі свае заявы аб галадоўцы ў райвыканкам. А потым заявы напісалі яшчэ шэсьць кіроўцаў таксовак і спэцыяльная карэспандэнтка газэты “Биржа ?#152;нфармации” Сьвятлана Кухарава.
Дзясяты дзень галадае 40-гадовы кіроўца таксоўкі Міхаіл Семярыч, таксама ўдзельнік аўганскай вайны, як і добрая палову іншых галадоўнікаў. Ён удзельнічаў і ў першай масавай галадоўцы кіроўцаў фірмы “Ніка-транс”, якая адбылася паўтары гады таму.
Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, якой выстаўлены штраф амаль на два мільярды рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана законная дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, два месяцы не працуюць сем грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.