Арцёма Ластавецкага выключаюць з універсітэту
Моладзеваму актывісту Арцёму Ластавецкаму паведамілі пра ягонае выключэньне з другога курсу Беларускага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі
“Рэктар БДУІРа Батура М.П. толькі сказаў пра маё выключэньне, афіцыйнай пісьмовай пастановы яшчэ няма, - кажа маладафронтавец. – Фармальная прычына адлічэньня – акадэмічная непасьпяховасьць. Дзіўна, але, па словах рэктара, мяне выключаюць з-за таго, што на першым курсе ў мяне быццам бы ўзьнікалі праблемы з навучаньнем”, цытуе актывіста прэс-служба МФ.
Арцём Ластавецкі па выніках летняй сессіі быў пераведзены на другі курс, пасьля чаго і даведаўся пра адлічэньне зь першага. Ён ўпэўнены, што ціск з боку адміністрацыі ўнівэрсітэта зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю, у прыватнасьці, з апошнімі арыштамі маладафронтаўца.
Нагадаем, Арцём Ластавецкі быў пакараны напрыканцы чэрвеня 7-ю суткамі арышту па адным пратаколе і буйным штрафам па іншым за тое, што распаўсюджваў у Баранавічах інфармацыю пра палітвязьня Андрэя Кіма.