viasna on patreon

Суд па ананімцы

2008 2008-06-17T17:05:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд Слонімскага раёна разгледзеў сёння справу грамадскага актывіста Алеся Масюка, якога паводле міліцэйскага пратакола абвінавацілі ў арганізацыі сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі горада, што адбылася 18 красавіка бягучага года. Паводле пастановы суддзі Аляксандра Шыліна, Алесю Масюку прызначана пакаранне ў выглядзе штрафа памерам 700 тысяч рублёў.

Адміністрацыйны пратакол аб арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства, якім улады палічылі сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі Слоніма, быў складзены паводле ананімнага ліста грамадзян, якія прасілі праваахоўныя органы праверыць законнасць правядзення сустрэчы.

Суддзя Аляксандар Шылін не прыняў да ўвагі шэраг заўваг адваката Жанны Салавей, якая патрабавала прыпынення справы ў сувязі з пратэрміноўкай складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні: паводле заканадаўства, калі на працягу 10 дзён з моманта напісання міліцэйскага рапарта не складзены пратакол аб правапарушэнні, справа зачыняецца і разгляду ў судзе не падлягае.

Акрамя гэтага, суддзя не прыняў да ўвагі той факт, што паводле ананімнага ліста Алесь Масюк не можа быць прыцягнуты да крымінальнай справы. Сам Алесь Масюк не выключае, што дзеянні праваахоўных органаў носяць правакацыйны характар і здзейсненыя паводле загада з КДБ.

Падчас правядзення судовага паседжання Алесь Масюк не прызнаў сябе вінаватым, а высунутыя абвінавачванні палічыў надуманымі перш за ўсё таму, што ў беларускім заканадаўстве няма артыкула, паводле якога чалавеку забараняецца сустракацца і размаўляць з іншымі людзьмі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства