Пасьля акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску затрыманыя два яе ўдзельнікі
У Менску на Кастрычніцкай плошчы дзявяты дзень запар праходзіць акцыя пад назваю “Уратаваць Міхаіла Марыніча! Свабоду палітычным вязьням!”
22 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску сабралася 35 актывістаў руху “Зубр”, грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя–97”, партыі БНФ, арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”. Яны расьцягнуліся ланцугом уздоўж плошчы, і стаялі трымаючы ў руках партрэты Міхаіла Марыніча, а таксама зьняволеных лідэраў прадпрымальніцкага руху Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева й Анатоля Шумчанкі.
Пасьля яе заканчэньня міліцыянты затрымалі каардынатараў “Хартыі–97” Зьмітра Бандарэнку і руху “Зубр” Мікіту Сасіма. Іх адвезьлі ва ўправу міліцыі Цэнтральнага раёну.
Як паведаміў Радыё Свабода каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя–97” Зьміцер Бандарэнка, у міліцэйскім пастарунку на яго быў складзены пратакол па артыкулах 156 і 166 Адміністратыўнага кодэксу Беларусі – “непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі” і “хуліганства”. Такія ж абвінавачваньні высунутыя й супраць актывітса руху “Зубр” Мікіты Сасіма.