Кіргізскія выбары вачыма назіральніка ад Праваабарончага цэнтру “Вясна”
Супрацоўніца Праваабарончага цэнту “Вясна” Тацяна Равяка назірала за другім турам парлямэнцкіх выбараў у Кіргістане. Яна знаходзілася там як назіральніцы ад міжнароднай арганізацыі “European network of election monitoring organisation” (ENEMO) – Еўрапейскай сеткі арганізацыяў, якія назіраюць за выбарамі, што аб’ядноўвае 17 краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Беларусь прадстаўленая ў ENEMO Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Пасьля вяртаньня Т. Равяка распавяла карэспандэнту Радыё Свабода Уладзіміру Глоду пра свае назіраньні.
Назіраць за выбарамі Тацяну Равяку накіравалі ў горад Тактагул Джэлалабадзкай вобласьці. Гэты рэгіён знаходзіцца за вялікімі горнымі пераваламі. Адзіная дарога, якая злучае вобласьць са сталіцай Бішкекам, стала небясьпечнай з прычыны сьнежных лявінаў. А паколькі Джэлалабадзкая вобласьць яшчэ пасьля першага туру выбараў паказала сваю апазыцыйнасьць, улады зрабілі спробу ізаляваць яе, сьцьвярджае беларуская назіральніца:
(Равяка: ) “Такім вось простым шляхам была перакрытая сувязь і ажыццяўлася яна толькі па паветры. Што яшчэ можна адзначыць? Вельмі моцны адміністрацыйны ціск. Кандыдат ад улады ставіць свайго чалавека на ўчастак — і той выбарнікам паказвае, за каго трэба галасаваць. Гэта было намі зафіксавана, і не аднойчы. Яшчэ ўжываўся такі сродак як добраахвотная народная дружына — на ўчастку каля дзесяці, а то й болей маладых людзей з чырвонымі павязкамі, якія прысутнічалі нібыта для таго, каб сачыць за парадкам. Заўсёды дружыньнікі чамусьці адносіліся да каманды аднаго кандыдата і ажыцяўлялі ціск на выбарцаў. Быў і вельмі моцны подкуп, асабліва ў рэгіёнах. Людзям, а бальшыня жыве тут вельмі бедна, проста давалі грошы — 100–200 сомаў. Карацей кажучы, голас выбарніка каштаваў каля пяці даляраў. І гэта вельмі шырока распаўсюджана было”.
Якую ж ацэнку дала міжнародная арганізацыя парлямэнцкім выбарам у Кіргістане? Тацяна Равяка, назіральніца зь Беларусі, гаворыць, што ацэнка была адмоўнай:
(Равяка: ) “Выбары не адпавядалі асноўным патрабаваньням да дэмакратычных, свабодных, празрыстых выбараў”.
Спадарыня Равяка пакінула Кіргістан літаральна за дзень да падзеяў, калі апазыцыя пачала дамагацца адмены вынікаў выбараў. “Ці стала разьвіцьцё сытуацыі для вас нечаканым?” — спытаўся я ў Тацяны Равякі.
(Равяка: ) “Не, нечаканасьцю для мяне гэта ня стала. Мяне вельмі зьдзівіла іншае — актыўнасьць выбарнікаў. А сёмай гадзіне раніцы (а выбарчы ўчастак адчыняецца а восьмай), мабыць, усе выбарнікі ўжо стаялі каля ўчастку, і калі ён адчыніўся, дык на маім участку проста выляцелі дзьверы, уся дзьвярная каробка. І хаця ўвесь дзень ішоў дождж, людзі стаялі каля ўчасткаў. Падлік галасоў скончыўся ў гадзіну ночы: людзі стаялі мокрыя, пад дажджом, у брудзе чакалі вынікаў. Для іх гэта было важна”.
Я папрасіў Тацяну Равяку параўнаць магчымасьці апазыцыі ў Кіргістане і ў Беларусі.
(Равяка: ) “Сытуацыя ў Кіргістане крыху іншая. Нават зыходзячы з таго, што ў іх абсалютна іншае выбарчае заканадаўства. Нашмат больш дэмакратычнае параўнальна зь беларускім. Яны яшчэ не навучыліся настолькі фальсыфікаваць заканадаўства, настолькі запалохваць тых людзей, што выходзяць з пратэстам супраць такіх фальсыфікацыяў. Нашым кандыдатам цяжэй, чым апазыцыі ў Кіргістане”.