МІНЮСТ ПРЫЗНАЎ НЕЛЕГІТЫМНЫМ ВЫЛУЧЭНЬНЕ КАНДЫДАТАМ У ДЭПУТАТЫ АД ПАРТЫІ БНФ У ГАРОДНІ СЯРГЕЯ АНТУСЕВІЧА
Пра гэта паведаміла прэс-служба Партыі БНФ
17 сакавіка Партыя БНФ атрымала ліст ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, дзе абвяшчаецца аб нелегітымнасьці з’езда Партыі БНФ, на якім кандыдатам у дэпутаты па 52-ой Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе быў вылучаны Сяргей Антусевіч. Ліст падпісаны начальнікам упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў спадаром А.С.Сьліжэўскім. Нагадаем, што дзевяты нечарговы з’езд партыі адбыўся 15 студзеня.
У лісьце гаворыцца аб тым, што вывучыўшы дакуманты, якія маюць дачыненьне да гэтага з’езду, Міністэрства юстыцыі вылучыла шэраг парушэньняў. Па-першае, супрацоўнікі Мінюста лічаць, што “Сойм Партыі БНФ зрабіў спробу скрыць ад рэгіструючага воргана той факт, што большая частка пратаколаў сходаў аргструктураў партыі ці вынятак з адпаведных пратаколаў былі атрыманы кіруючым ворганам партыі па факсе”. Па-другое, большасьць пратаколаў аргструктураў партыі “ня маюць зьвестак пра тое, хто канкрэтна прымаў удзел у працы адпаведных форумаў”. Да таго ж, “супастаўленьне подпісаў, што зроблены ў рэгістрацыйных лістах ад імя шэрагу фізычных асобаў не адпавядаюць подпісам, зьмешчаным у пратаколах”.
“Мы разглядаем гэта як палітычны ціск, жаданьне спыніць кампанію спадара Антусевіча, якая ідзе даволі моцна, і па сацыялягічных апытаньнях ён зьяўляецца лідэрам грамадзкай думкі ў гэтай акрузе. Гэта натуральна зьяўляецца палітычнай замовай”. Так пракамэнтаваў гэты ліст старшыня арганізацыйна-прававой камісіі Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч. “Міністэрства юстыцыі, як і заўсёды, выконвае палітычныя функцыі і бачыць сваю місію не ў нармальнымсупрацоўніцтве з палітычнымі партыямі, а ў зьнішчэньні любой дзейнасьці, любой актыўнасьці з боку палітычных суб’ектаў”, -- адзначыў У.Лабковіч. Ён таксама паведаміў, што пасьля таго, як спадар Антусевіч падаў дакумэнты ў акруговую выбарчую камісію для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ад партыі, пачаўся “вялікі ціск” на яго і на партыю ў сувязі з гэтым зьездам. Ад Міністэрства юстыцыі Беларусі было накіравана пяць запытаў, на кожны зь якіх даваўся апэратыўны адказ. Аўтарам жа большасьці з гэтых захадаў быў галоўны спэцыяліст упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь спадар Харытон, вядомы як асноўны “ліквідатар” грамадзкіх аб’яднаньняў у 2003-2004 гадах.