КДБ працягвае цікавіцца актывістамі
Моладзевую актывістку, навучэнку трэцяга курсу магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Кацярыну Юрчанкову наведаў падчас заняткаў супрацоўнік КДБ. Актывістцы ён назваўся супрацоўнікам контравыведкі Аляксандрам Мядзьведзевым.
Гутарыла Кацярына Юрчанкова зь Мядзьведзевым сам-насам у кабінэце адміністрацыі тэхнікума. Туды яе запрасіла адна з выкладчыц тэхнікума.
“Яго цікавіла, сябрам якой арганізацыі я зьяўляюся, у якіх акцыях апазыцыі ўдзельнічала й каго ведаю з магілёўскай апазыцыі. Ён мне казаў, што Злучаныя Штаты Амэрыкі фінансуюць беларускую апазыцыю, якая шкодзіць стабільнасьці ў Беларусі. Казаў пра тое, што трэба пазьбягаць стасункаў з апазыцыяй. Ён таксама сказаў, што ён за мной даўно назірае й ужо адзначыў мае лідэрскія якасьці, якія трэба разьвіваць. Трэба быць добрым грамадзянінам і супрацоўнічаць з КДБ. Я ўсё выслухала, але нічога на гэта не адказала. На тым і разьвіталіся”, - паведаміла Кацярына
Кацярына Юрчанкова ўдзельнічала ў некалькіх адукацыйных праграмах моладзевых арганізацыяў Беларусі й замежжа. Менавіта з гэтым яна й зьвязвае візыт супрацоўніка КДБ.