Лідэры АДС правядуць акцыю ў падтрымку незалежнай прэсы
3-га траўня — у Сусветны дзень свабоды прэсы — прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) правядуць акцыю салідарнасці з незалежнымі СМІ краіны. Усім ахвотным яны будуць бясплатна раздаваць друкаваныя выданні, забароненыя для распаўсюду праз кіёскі «Белсаюздруку» і па падпісцы. Сярод іх газеты «Народная воля», «Товарищ» і «Наша Ніва».
Як паведамляе інфармацыйны цэнтр АДС, акцыя пачнецца, а 12-й гадзіне каля Галоўпаштампта.
Паводле намеcніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, галоўная мэта акцыі — прадэманстраваць на ўласным прыкладзе дэмакратычным актывістам неабходнасць падтрымкі распаўсюду незалежных выданняў.
Інфармацыйны цэнтр АДС нагадвае, што паводле Індэксу Свабоды прэсы, які штогод складае амерыканскі даследчы цэнтр Freedom House, Беларусь займае 188-е месца са 195-ці краін. Летась, паводле Freedom House, Беларусь была на 186-м месцы.
Нават сярод несвабодных краін, якіх аўтары дакладу налічылі 64, Беларусь знаходзіцца бліжэй да канца спісу, у кампаніі з Узбекістанам, Кубай, Туркменістанам, Бірмай і Паўночнай Карэяй.