viasna on patreon

1 сакавіка – агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў

2005 2005-03-01T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле Радыё Свабода
1 сакавіка адбыўся агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў. Галоўная мэта акцыі – пратэст прадстаўнікоў дробнага бізнэсу супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, што ўвозяцца з Расеі. Падатак стаў вынікам міжурадавага пагадненьня Беларусі і Расеі аб зьмене прынцыпу спагнаньня падатку на дабаўленую вартасьць. Беларускія ўлады сьцьвярджалі напачатку пра дамову з расейцамі, што пры пераходзе на гэты новы прынцып паводле краіны прызначэньня расейцы зьменшаць на 18 адсоткаў кошты сваіх тавараў, у тым ліку для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Але насамрэч нічога гэтага ня адбылося. Беларускія бізнэсоўцы апынуліся пад дадатковы фінансавым прэсам у 18 адсоткаў, які, паводле іх падлікаў, ім не па плячы. Даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці, якія яны мелі дагэтуль, будуць цалкам “зьедзеныя” падаткам на дабаўленую вартасьць. У выніку такое прадпрымальніцтва робіцца бессэнсоўным.

Бізнэсоўцы, зразумела, спадзяваліся, што ўлады пасьля дэталёвага аналізу наступстваў новаўвядзеньня яго скасуюць альбо знойдуць некія кампэнсацыйныя мэханізмы. Нічога гэтага ня адбылося. Напярэдадні ўвечары намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка чарговы раз заклікаў прадпрымальнікаў адумацца і прыняць прапанаваныя ўрадам “правілы гульні”.

У Менску на Кастрычніцкім пляцы сабраліся каля трох тысяч гандляроў зь менскіх рынкаў, а таксама прадстаўнікі прадпрымальніцкіх суполак з розных гарадоў, якія падтрымалі страйк. На прыступках Палацу рэспублікі адбыўся мітынг. Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымалі ў руках плякаты з надпісамі “Далоў ПДВ!” Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, які выступіў на мітынгу, заклікаў прысутных захоўваць парадак ды не выгукваць палітычных лёзунгаў. Цягам трох гадзінаў больш за тры тысячы прадпрымальнікаў мітынгавалі на Кастрычніцкай плошчы. Міліцэйскае кіраўніцтва знаходзілася ўвесь час побач з мітынгоўшчыкамі, але не патрабавала разысьціся, нягледзячы на тое, што акцыя была несанкцыянаваная.
Пасьля выступу ўсіх ахвотных прадпрымальнікі вырашылі пайсьці да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, каб перадаць яму свае патрабаваньні. Вялікай калёнай прадпрымальнікі пайшлі з Кастрычніцкай плошчы ў бок вуліцы Янкі Купалы. Перайшлі там дарогу і рушылі да будынку адміністрацыі. Але на лесьвіцы, якая вядзе да Дому афіцэраў, дарогу ім перагарадзілі амонаўцы. Амонаўцы разам зь іншымі міліцыянтамі пачалі выціскаць натоўп зь лесьвіцы і са сквэру. Некалькі жанчын не ўтрымаліся на нагах і паваліліся на сьнег. Пасьля гэтага настрой у дэманстрантаў зьмяніўся. Дэманстранты прынялі рашэньне вярнуцца на плошчу і там стаяць, пакуль улады не прапануюць правесьці перамовы. Прадпрымальнікі папрасілі міліцыянтаў перадаць асабіста Аляксандру Лукашэнку, што яны прызвычаіліся гандляваць у цяжкіх умовах і стаяць на марозе могуць доўгі час.

У Гомельскай вобласьці агульнанацыянальны страйк падтрымалі прадпрымальнікі абласнога цэнтру, Рэчыцы, Сьветлагорску, Жлобіну, Рагачову ды іншых гарадоў.
У Гомелі на працу ня выйшлі каля 95% прадпрымальнікаў Цэнтральнага, Прудкоўскага рынкаў. Цалкам не працавалі Давыдаўскі рынак, шэраг аўтамабільных кірмашоў. Апоўдні дзесяткі дробных бізнэсоўцаў з розных рынкаў гораду пікетавалі будынак аблвыканкаму. Тых, хто сабраўся каля аблвыканкаму, міліцыя не чапала. А вось у Рэчыцы міліцыянты сарвалі выезд замоўленага аўтобуса, на якім паўсотні дробных бізнэсоўцаў зьбіраліся ад’ехаць у Менск для ўдзелу ў мітынгу пратэсту.

На Меншчыне агульнанацыянальны страйк падтрымалі прадпрымальнікі найбуйнейшых райцэнтраў вобласьці. Прыпынілі працу гандляры Барысава, Жодзіна, Салігорску, Слуцку, Маладэчна і іншых гарадоў. Барысаўскія рынкі пуставалі. Частка прадпрымальнікаў прыйшла выказаць пратэст з нагоды ўвядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць да будынка гарвыканкаму. Другая частка на чале зь лідэрам тутэйшай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктарам Гарбачовым накіравалася ў Менск на Кастрычніцкую плошчу. Аднак у дарозе спадар Гарбачоў быў затрыманы міліцыянтамі.

Практычна ў поўным складзе ня выйшлі на працу дробныя прадпрымальнікі Полаччыны. Міліцыя спыніла мікрааўтобус з наваполацкімі прадпрымальнікамі, якія спрабавалі выехаць на акцыю пратэсту ў Менск. У выніку прафсаюзныя актывісты вымушаныя былі дабірацца да сталіцы на спадарожных машынах. Частка прадпрымальнікаў Полацка й Наваполацка, нягледзячы на халоднае надвор’е, сабралася а 10-й гадзіне перад будынкамі гарвыканкамаў. Пры гэтым, калі ў Наваполацку гарадзкія ўлады ні ранейшым часам, ні сёньня да страйкоўцаў не выходзілі, дык у Полацку супакойваць натоўп выходзіў сам старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла. Страйкоўцаў нават запрашалі зайсьці ў будынак гарвыканкаму пагрэцца.

Большасьць прыватных прадпрымальнікаў на Берасьцейшчыне 1 сакавіка спынілі сваю працу. Замест іх мясцовыя ўлады прымусілі выйсьці на рэчавыя рынкі са сваім таварам гандляроў райспажыўсаюзаў і дзяржаўных крамаў. Паводле зьвестак зь іншых гарадоў Берасьцейшчыны страйк таксама падтрымалі амаль усе гандляры ў Белаазёрску, Іванаве і Століне.

У Віцебску 90% прадпрымальнікаў спынілі сваю працу 1 сакавіка. Апоўдні на ганках Віцебскага аблвыканкаму сабраўся натоўп у некалькі соцень прадпрымальнікаў, і дзяжурныя міліцыянты былі вырашылі, што зараз тут адбудуцца нейкім масавыя парушэньні грамадзкага парадку, а таму выклікалі падмацаваньне з Кастрычніцкага райадзьдзелу. Супрацоўнікі міліцыі сагналі людзей з прыступак і загадалі не набліжацца да будынку абласной адміністрацыі. Туды было дазволена ўвайсьці ўсяго чатыром дэлегатам ад розных віцебскіх кірмашоў, якія мусілі перадаць у аблвыканкам адмысловы зварот ад усіх прадпрымальнікаў вобласьці з іхнымі патрабаваньнямі. Зварот быў адрасаваны асабіста Уладзімеру Андрэйчанку, які ёсьць ня толькі старшынём аблвыканкаму, але й сябрам Савета рэспублікі. Адказу на свой зварот яны чакалі цягам дзьвюх гадзінаў, стоячы на 12-градусным марозе, аднак іхныя дэлегаты вярнуліся практычна ні з чым. Ім нават не ўдалося сустрэцца са старшынём аблвыканкаму. Абураныя безвыніковым стаяньнем на холадзе, прадпрымальнікі былі рушылі да будынку аблвыканкаму, але міліцыянты папярэдзілі, што выклічуць АМОН, і стыхійны мітынг будзе разагнаны. Загадчыку абласной управы гандлю Валянціну Цьвяткову, – адзінаму прадстаўніку ўладаў, які выйшаў да прадпрымальнікаў, удалося пераканаць іх у тым, што ўсе адказы на праблемныя пытаньні яны атрымаюць назаўтра а другой гадзіне.

Магілёўскія прыватныя гандляры падтрымалі агульнабеларускі страйк. У абласным цэнтры спынілі працу ўсе рэчавыя і аўтамабільны рынкі, большасьць гандлёвых цэнтраў і частка прыватных крамаў. На цэнтральную плошчу Магілёва прыйшло каля 700 прадпрымальнікаў, якія аб’явілі акцыю пратэсту. Прыватныя гандляры напісалі заявы кіраўніцтву горада, што спыняюць працу і таму не змогуць плаціць за камунальныя паслугі. На плошчу перад магілёўскім домам саветаў прыйшлі падтрымаць прадпрымальнікаў лідэры дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Прадпрымальнікі лічаць, што іх эканамічныя праблемы зьвязаныя з палітыкай. Дэлегацыя прадпрымальнікаў была прынятая ў аблвыканкаме, аднак там заявілі, што на мясцовым узроўні нічога зрабіць ня могуць. Таму чыноўнікі заклікалі прыватных гандляроў аднавіць працу. Прадпрымальнікі не пагадзіліся, і дамовіліся ад заўтра і штодня зьбірацца на цэнтральнай плошчы Магілёва да таго часу пакуль не будзе скасаваны спрэчны падатак.

У Горадні ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў удзельнічалі прыблізна тры тысячы чалавек ці крыху болей. Прадпрымальнікі пачалі зьбірацца каля 12 гадзінаў у парку Жылібэра вакол помніка савецкім салдатам і партызанам. Адчуўшы, што іх даволі шмат, удзельнікі акцыі перайшлі вуліцу і занялі плошчу Леніна перад гарвыканкамам. Лідэраў не было. Напярэдадні пасадзілі на 15 сутак аднаго з кіраўнікоў прадпрымальніцкага руху Зьмітра Іваноўскага. Яго пакаралі за ранейшы несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага. Удзельнікі акцыі скандзіравалі: “Работу!” На плошчу выйшлі старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка і намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Радзевіч. Яны сталі каля ленінскай статуі, іх абступілі прадпрымальнікі. Адбылася доўгая і бясплённая гутарка. Людзі пакрысе сталі разыходзіцца. Міліцыянтаў на плошчы амаль не было, але міліцыя чакала напагатове. Акцыя пратэсту працягвалася дзьве гадзіны, нікога з удзельнікаў пасьля яе заканчэньня не затрымлівалі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства