viasna on patreon

“Там, у БНФ добра вас падкавалі…” або Як “цкуюць” актыўную моладзь

2008 2008-03-31T11:16:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ii896.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За тыдзень да Дня  Волі ў інтэрнаце Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжу тэрмінова сабраліся намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы Наталя Шапавалава, сацыяльны псіхолаг гэтай навучальнай установы і невядомы сціплы чыноўнік-ідэолаг з адміністрацыі Савецкага раёна Менска. Нагода адна: у адным з пакояў інтэрнату знайшлі некалькі бел-чырвона белых сьцягаў, якія былі выраблены навучэнцамі. Пачалося пасьпешлівае расьледаваньне здарэньня…

 
Першым на “гутарку” выклікалі Руслана Шошына, жыхара аднаго з інтэрнатаўскіх пакояў, у якім ўласнымі сіламі ідэолагі правялі папярэдні ператрус. “Улоў” пасьля ператрусу быў небагаты: букецік вярбы, перапаясаны бел-чырвона-белай стужкай і набыты ў царкве з нагоды Вербнай нядзелі,  нацыянальны сьцяг і маленькі папяровы сьцяжок ЗША.

Руслана сталі абвінавачваць у вырабе бел-чырвона-белых сцягоў, нават выклікалі запалоханых папярэдне дзяўчат, якія нібыта спрычыніліся да іх вырабу.

“Апрацоўка”  Руслана праводзілася па звыклай схеме: “Што табе не падабаецца ў краіне?”, “Цябе вучыць дзяржава”, “Навошта ты ўступаў у БНФ?”, “Там, у  БНФ  добра вас пасьпелі падкаваць”… Затым “невядомы” дырыжор перайшоў да пагрозаў адабраць у юнака інтэрнат і выключыць яго з каледжу. Таксама цікавіла ідэолагаў, ці будзе Руслан удзельнічаць у акцыі 25 сакавіка. Такім жа чынам “апрацоўвалі” і яшчэ аднаго жыхара “апазіцыйнага” інтэрнатаўскага пакою – Зьміцера Маркевіча. Ад хлапцоў патрабавалі дабраахвотна напісаць паперы пра адмову ва ўдзеле ў святкаваньні Дня абвяшчэньня БНР, аднак яны не пагадзіліся.

 
На наступны дзень Шошына і Маркевіча ізноў выклікалі да каменданта інтэрнату і шляхам пагрозаў вымусілі падпісаць паперу аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве…

 
Гісторыя пераследу сяброў працягнулася 26 сакавіка… Сяброў Моладзі БНФ Шошына, Маркевіча і Сяргея Плашчынскага (быў затрыманы на мітынгу і перададзены выхавальніцы інтэрнату, як непаўнагадовы) тэрмінова выклікалі у каледж. У выхаваўчым пакоі сабраліся намесьнікі дырэктара, загадчыкі аддзяленьняў, псіхолаг…

-Ну што, героі, засьвяціліся? Пішыце заявы, што дабраахвотна пакідаеце вучобу! – раз’ятрылася намесьніца дырэктара Шапавалава. Хлопцы адмовіліся, паколькі аніякіх падстаў для гэтага за сабой не бачылі.

-Тады тэрмінова зьбірайце рэчы! Вам няма  месца ў нашым інтэрнаце!

Пагрозы сыпаліся з усіх бакоў, некалькі разоў ім паабяцалі, што  наступная сэсія стане для іх апошняй. Прафілактычная размова завяршылася тым, што ўсіх трох актывістаў прымусілі напісаць тлумачальныя запіскі…

Аднак на гэтым прамываньне мазгоў не скончылася. Хлапцоў доўга ўшчувала загадчыца аддзяленьня Марыя Кіцко, а куратар групы Алена Ріфке нават патэлефанавала бацькам, каб тыя паўплывалі на “ўпартых”  навучэнцаў.

Камендант інтэрнату Мікалай Калінін ізноў наведаў "апазіцыйны" пакой. На гэты раз ён прымусіў зьняць са сьцяны сцяг Еўразвязу і невялікі абраз. Абураным навучэнцам ён безапеляцыйна паведаміў: “Гэта дзяржаўная ўстанова і тут нельга вывешваць абразы і сцягі!"

27 сакавіка адбыўся педсавет каледжу, які так і не здолеў знайсьці падставу для адлічэньня моладзевых актывістаў. У выніку прынята рашэньне абвясьціць вымову за бруд у інтэрнатаўскім пакоі. Але, не цяжка здагадацца, што гэта толькі пачатак пераследу моладзевых актывістаў у дэмакратычнай, як дэкларуецца ўладамі на міжнародным узроўні, Беларусі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства