viasna on patreon

Актрыс звольнілі пасля гастроляў “Свабоднага тэатра” ў Лондане

2008 2008-03-28T15:36:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ганну Саламянскую звольнілі з Рускага тэатра, а Марыю Юрэвіч – з тэатра Беларускай Арміі. Да таго ж, Марыя працавала па размеркаванні, і ёй трэба вярнуць грошы за навучанне. Аляксей Дудараў, кіраўнік тэатра Арміі, кажа, што ў лонданскіх акцёраў няма чаму вучыцца. Спектакляў “Свабоднага тэатра” Дудараў не бачыў, але кажа, што яны доўга не пражывуць

Лонданскі Soho Theatre даслаў у тэатр Беларускай арміі афіцыйны ліст з просьбай адпусціць актрысу Марыя Юрэвіч на тры тыдні. Не дапамагло.

Марына Юрэвіч: “Soho Theatre даслаў на імя тэатра Арміі афіцыйны ліст з просьбай адпусціць мяне. У ім было апісана і патлумачана ўсё і сказана, што гэта стажыроўка, якая павышае мой прафесійны ўзровень як актрысы. Паперу гэтую тэатр Арміі нават разглядаць не стаў, дырэктар тэатра сказаў, што ён не будзе гэта нават чытаць: “Не, мы цябе не адпускаем, з “Свабодным тэатрам” ты нікуды не паедзеш”. Я не была занятая ў гэты час у рэпертуары, і мне сказалі: ну, нічога страшнага, знойдзем табе рэпетыцыі. Пакуль мяне не было, мае рэпетыцыі былі тры разы. Я вярнулася, і на наступны дзень была звольненая”.

Аляксей Дудараў сцвярджае, што актрысу не адпусцілі з-за рэпетыцый, да таго ж, яна была задзейнічана ў дзяржаўным канцэрце, прысвечаным 90-годдзю Узброеных Сіл.

Аляксей Дудараў: “Яна звольненая за прагул. Ішла размова пра нейкі тэатр, які запрашае яе з іншым тэатрам на нейкую практыку ў Лондан. Адпусціць мы яе не маглі, таму што яна была занятая ў рэпетыцыях спектакля. Ёй было сказана канкрэтнае і катэгарычнае “не”. Яна “аказалася” хворай, але на самой справе яна не хварэла, а паехала. Па прыездзе яна была звольненая, бо яна павінна была быць на працоўным месцы. Яна была задзейнічана ў дзяржаўным канцэрце, прысвечаным 90-годдзю Узброеных Сіл”.

Марыя распавяла Еўрарадыё, што Дудараў гаварыў, нібы ў Лондан не варта ехаць, бо лонданскія акцёры нічаму навучыць не могуць. Маўляў, гэта яны мусяць вучыцца ў беларусаў.

Аляксей Дудараў: “Магу паўтарыць гэта і зараз. Беларуская школа акцёрскага майстэрства і руская нашмат вышэйшая за школу заходніх акцёраў. Па простай прычыне: Станіслаўскі – гэта тая асоба, ад якой пачынаецца адлік. Гэта яны павінны ў нас вучыцца, а нам у іх вучыцца няма чаму!”

Еўрарадыё: А вы самі былі калі-небудзь у лонданскіх тэатрах?

Аляксей Дудараў: “Быў. Мы не ў Лондане самім, дарэчы, а ў Ірландыі з Раеўскім ажыццяўлялі пастаноўку спектакля. Гэта было гадоў дваццаць таму”.

Еўрарадыё: Дык за дваццаць гадоў…

Аляксей Дудараў: “Але не ў гэтым справа. Марына – ніякая не пакутніца сумлення, і палітыкі тут, якую камусьці хочацца прыпісаць, таксама няма. На працу трэба хадзіць”.

Еўрарадыё: Марына ездзіла ў Лондан з “Свабодным тэатрам”. А ці бачылі вы іх пастаноўкі, і ці ёсць у вас нейкае стаўленне менавіта да гэтага тэатра?

Аляксей Дудараў: “Пастановак я не бачыў. Але я бачыў там нейкія ўрыўкі па тэлебачанні. Калі яны ездзілі, НТВ паказвала. Я не веру, што на скандалах і шоку можна рабіць мастацтва, гэтага ніколі не было і не будзе. Я такія тэатры параўноўваю з тэатрам “Глобус” з “Дванаццаці крэслаў” Ільфа і Пятрова. Гэткія тэатры гэта спараджэнне ўсіх рэвалюцый”.

Еўрарадыё: А тое, што яны ўзялі там прэміі, што яны атрымалі ад самых вядомых крытыкаў станоўчыя рэцэнзіі?

Аляксей Дудараў: “Багата хто на нейкіх фестывалях атрымлівае прэміі. Шмат такога, што едуць на фестываль які-небудзь са сваім спектаклем тэатры, вяртаюцца лаўрэатамі, трэцяе месца… А колькі ўсяго было ўдзельнікаў? Чатыры. Для мяне крытык адзін – гэта попыт гледача”.

Еўрарадыё: А калі б Марына папрасілася да вас назад на працу, напісаўшы нейкую заяву, што яна, напрыклад, не будзе больш прапускаць рэпетыцый, вы б узялі яе?

Аляксей Дудараў: “Цяпер я не ведаю. Яна выведзеная са спектакляў. Стаўленне да яе ў мяне нармальнае, добрае. Аднак на яе спадзявацца нельга!”

Еўрарадыё: А вам шкада, што вы згубілі менавіта гэтую актрысу?

Аляксей Дудараў:
“Гэта была мая ініцыятыва, каб яе ўзялі. Я яе заўважыў, калі яна падыгрывала аднаму хлопцу, якога мы таксама ўзялі. І мы ўзялі і яе. Мне шкада. Але шкада – і шкада, для мяне заўсёды на першым месцы справа, якую мы робім. А тут проста давяраць нельга. З ёй “у разведку ісці” нельга”.

Зараз Марына Юрэвіч вымушаная будзе аддаваць дзяржаве грошы за тое, што не адпрацавала поўныя два гады па размеркаванні. Кіраўнік “Свабоднага тэатра” звярнуўся да брытанскіх акцёраў, і шмат хто з іх пагадзіўся дапамагчы “выкупіць” беларускую актрысу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства