Глыбоцкі райвыканкам загадаў зьняць дошку, усталяваную ў гонар Дуж-Душэўскага
Кіраўнік аддзела ЖКГ Глыбоцкага райвыканкама Юрый Сямяннікаў распарадзіўся зняць мемарыяльную дошку, устаноўленую мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі ў гонар дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Клаўдзія Дуж-Душэўскага.
Мемарыяльная дошка ў гонар ураджэнца Глыбокага была ўстаноўлена 23 сакавіка. Праз два дні, 25 сакавіка, у 90-ю гадавіну абвяшчэння БНР, Ю.Сямяннікаў загадаў зняць дошку. Мясцовыя актывісты высвятляць, дзе яна цяпер знаходзіцца, паколькі апасаюцца, што яе знішчаць.
Кіраўнік аддзела ЖКГ лічыць, што дошка была ўстаноўлена без дазволу райвыканкама. У органы мясцовай улады адпаведная заява не была пададзена, а эскіз дошкі не быў узгоднены са службамі ЖКГ.
Нягледзячы на тое, што гаспадар дома № 22 па вуліцы Горкага Раймунд Салодкі асабіста даў дазвол на размяшчэнне на сцяне яго дома мемарыяльнай дошкі ў гонар К.Дуж-Душэўскага і не выказаў ніякіх прэтэнзій да мяцовых актывістаў, некаторыя з якіх былі выкліканы да ўчастковага інспектара міліцыі Андрэя Раманоўскага. Супрацоўнік міліцыі цікавіўся, на якія сродкі выраблена мемарыяльная дошка, а таксама аўтарствам ідэі.
Добраахвотныя ахвяраванні на мемарыяльную дошку ў гонар палітычнага дзеяча БНР збіралі мясцовыя актывісты Партыі БНФ.
«Зняццем дошкі менавіта 25 сакавіка мясцовыя ўлады плюнулі ў душы не толькі нам, жыхарам Глыбокага, але і ўсім беларусам. Я думаю, улады проста баяцца праяваў любой грамадзянскай ініцыятывы. Напэўна, калі б мы за свае грошы заасфальтавалі якую-небудзь вуліцу, то яны назаўтра выклікалі б бульдозер, каб знішчыць нашу працу», — заявіў БелаПАН старшыня раённай арганізацыі партыі Яраслаў Берніковіч.