viasna on patreon

«Газету Слонімскую» высяляюць

2008 2008-03-24T13:39:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Супрацоўнікі адзінага недзяржаўнага выдання Гродзенскай вобласці «Газета Слонімская» павінны да 1 чэрвеня 2008 года пакінуць памяшканне, якое арандуюць па вуліцы Камсамольскай.

Пра гэта ў пісьмовым выглядзе галоўнаму рэдактару газеты Віктару Валадашчуку паведаміў арэндадаўца — дырэктар РУП «Слонімскі быткамбінат» Станіслаў Іванашка. У лісце гаварылася, што дамова аб арэндзе з «ГС» заканчваецца 31 траўня і далей не будзе працягнута.

На працягу сямі гадоў «Газета Слонімская» займала адзін паверх у мясцовым быткамбінаце. Увесь гэты перыяд кіраўніцтва выдання добрасумленна выконвала ўсе ўмовы арэндадаўцы — своечасова рабіла выплаты, належным чынам сачыла за станам памяшкання.

Пасля атрыманага паведамлення галоўны рэдактар «ГС» Віктар Валадашчук даслаў ліст на імя дырэктара быткамбіната з просьбай пераглядзець рашэнне. Але спадар Іванашка пакінуў сваё рашэнне без зменаў.

Спадар Валадашчук звярнуўся да старшыні Слонімскага райвыканкама Мечыслава Касцюка, каб той паспрыяў у вырашэнні пытання, але адказу ад яго пакуль не атрымаў. Візіт на прыём да старшыні райвыканкама таксама не даў вынікаў.

Як паведаміў Віктар Валадашчук службе маніторынгу БАЖ, на сёння ніхто з кіраўнікоў слонімскіх прадпрыемстваў, куды ён звяртаўся ў пошуках памяшкання, не захацеў заключыць дамову арэнды з недзяржаўнай «Газетай Слонімскай».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства