Кастуся Жукоўскага пакаралі арыштам за віншавальныя паштоўкі
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала сябра аргкамітэту БХД Кастуся Жукоўскага чатырнаццацьцю суткамі арышту й штрафам на 700 тысяч рублёў. Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў і супраціве міліцыі. Навучэнку мастацкай вучэльні Марыю Тульжанкову аштрафавалі на 300 тысяч рублёў.
Затрыманых прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну ў кайданках. Больш за двое сутак яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
14 сакавіка ўвечары, падчас канцэрту гурту “NRM” у гарадзкім цэнтры культуры, Жукоўскага й Тульжанкову затрымалі супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным.
Спадарыня Тульжанкова трымала ў руках віншавальныя паштоўкі да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Раздаваў паштоўкі зь віншаваньнем і запрашэньнем узяць удзел у сьвяткаваньні юбілею БНР 25 сакавіка ў Менску Кастусь Жукоўскі. Побач былі міліцыянты ў форме. Але рукі яму закруцілі і павалілі на падлогу двое ў цывільным.
На судзе спадар Жукоўскі не адмаўляў, што аказваў супраціў нападнікам.
“Я плюнуў у твар аднаму зь іх, бо думаў, што на мяне наваліліся бандыты з “марозаўскай банды”, — патлумачыў Кастусь Жукоўскі. Ён заявіў таксама, што ў Цэнтральным раёне дзейнічае групоўка “пад кіраўніцтвам падпалкоўніка міліцыі Міхалыча — яна наносіць вялікую шкоду іміджу дзяржавы й асабіста Аляксандру Лукашэнку”. Прозьвішча падпалкоўніка спадар Жукоўскі не назваў. Актывіст хадайнічаў пра выклік у суд сьведкаў — маладых людзей, якія прыйшлі на канцэрт гурту “NRM”, і міліцыянтаў, якія там дзяжурылі.
Судзьдзя Дамненка адхіліла хадайніцтва й пакарала Кастуся Жукоўскага арыштам і штрафам. Марыя Тульжанкова была аштрафавана. Яе вызвалілі з-пад варты ў залі суду.