Затрыманьні ў Магілёве і Бабруйску
Актывіст партыі БНФ Сяргей Нягацін сёньняшнюю ноч правёў у Магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Актывіста затрымаў учора блізу 23 гадзіны міліцэйскі нарад. Нагодай для затрыманьня сталіся нібыта непрыстойныя паводзіны Нягаціна. Паводле пратаколу затрыманьня, ён быў п’яны й лаяўся матам.
Паводле Сяргея Нягаціна, яго затрымалі каля пад’езда ягонага дому:
“Міліцыянты сказалі, што мяне трэба даставіць у аддзел міліцыі для высьвятленьня асобы. Я адмовіўся падпарадкоўвацца, бо пры мне быў пашпарт, і яго міліцыянтам я прад’явіў. Тады мяне папросту зацягнулі ў службовую машыну. У міліцыі казалі, што я п’яны й лаяўся матам. Экспэртызу міліцыянты не праводзілі”, зазначыў “Свабодзе” Сяргей Нягацін.
Паводле ягоных словаў, міліцыянты без складаньня пратаколу канфіскацыі забралі некалькі дзясяткаў асобнікаў газэты “Магілёўскі час”. Старонка гэтай газэты прысьвечана праблемам “хрушчовак” у Магілёве.
Сёньня ж у Ленінскім судзе над Сяргеем Нягаціным адбыўся суд. На суд не зьявіліся міліцыянты, якія яго затрымлівалі. Дзяжурная судзьдзя Тацяна Рубіс пастанавілі адкласьці разгляд справы да 27 сакавіка. Сяргея Нягаціна вызвалілі ў залі суда.
Таксама ў Бабруйску сёньня былі затрыманыя актывісты, якія ехалі ў Старыя Дарогі на адкрыцьцё помніка заснавальнікам БНР. Прыватную машыну, на якой ехалі шасьцёра актывістаў, спынілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі на выезьдзе з Бабруйску.
Паводле адной з затрыманых Ірыны Міцуры, міліцыянты ў машыне ўбачылі пачак газэт “Новы час” і загадалі кіроўцу праехаць у аддзел міліцыі.
Шасьцёра актывістаў прабылі ў міліцыі амаль дзьве гадзіны. За гэты час міліцыянты з кожным затрыманым правялі прафіляктычныя гутаркі й склалі пратакол канфіскацыі на адну тысячу асобнікаў газэты “Новы час”.
Паводле Ірыны Мiцуры, міліцыянты канфіскавалі газэты праз адсутнасьць пазнакі пра цану продажы.
“У аддзеле сказалі, што будуць разьбірацца й пра вынікі праверкі паведамяць”, сказала “Свабодзе” Ірына Мiцура.