Суд указаў райвыканкаму на парушэнні заканадаўства
Суд Светлагорскага раёну пакінуў без змяненняў рашэнне мясцовай улады аб забароне пікетаў, але прыняў асобную пастанову аб парушэнні выканкамам Закону аб масавых мерапрыемствах.
Шэсць жыхароў Светлагорска звярнуліся ў суд са скаргамі на неправамерныя дзеянні райвыканкама. Грамадзяне мелі намер правесці ў горадзе 31 студзеня пікеты з мэтаю "данесці да жыхароў раёну інфармацыю аб дзеяннях уладаў па забароне партый і грамадскіх арганізацый". Непасрэднай прычынай для гэтага была спроба Міністэрства юстыцыі ліквідаваць Партыю камуністаў Беларускую. У адказ намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі Сяргей Мяркулаў напісаў, што ўлада будуе свае адносіны з партыямі і грамадскімі арганізацыямі на падставе заканадаўства, і таму "ў дадзеным выпадку публічнае выказванне пратэсту не мае пад сабой падстаў".
На судовым паседжанні адзін з грамадзянаў, Тэльман Маслюкоў, выказаў меркаванне, што такім чынам райвыканкам неправамерна прысвоіў сабе права вырашаць за людзей, ці маюцца ў іх падставы для выказвання пратэсту.
Пенсіянер Мікалай Лазарэнка распавёў на судзе, што пасля падачы заявы на пікет яго выклікалі ў раённы аддзел унутраных спраў. Супрацоўнікі міліцыі пагражалі пенсіянеру непрыемнасцямі, патрабавалі падпісаць распіску, што ён не будзе ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах, а таксама аказвалі псіхалагічны ціск на яго сям’ю. М. Лазарэнка, былы начальнік будаўнічага ўпраўлення (пад яго кіраўніцтвам быў ўзведзены гарадскі цэнтр культуры), задаў у судзе пытанне С. Мяркулаву – на якой падставе копія яго заявы на правядзенне пікету была перададзена ў міліцыю? Намеснік старшыні райвыканкаму адказаў, што ніяк не можа гэта патлумачыць.
Толькі на судовым паседжанні С. Мяркулаў прадаставіў поўнае рашэнне выканкама аб забароне пікетаў. З тэксту вынікае, што была яшчэ адна прычына, па якой масавае мерапрыемства не дазволілі: заліўка лядовага катка на Набярэжнай плошчы, дзе меркавалася праводзіць пікет. У графіку, які С. Мяркулаў таксама прынёс на судовае паседжанне, напісана: менавіта ў нядзелю 31 студзеня і планавалася заліваць гэты каток (дарэчы, тое не здарылася з-за цёплага надвор’я). Аднак ні ў адказе грамадзянам у студзені, ні на двух гутарках у судзе, якія праводзіліся ў лютым пры падрыхтоўцы судовага паседжання, райвыканкам гэтыя звесткі не прадастаўляў.
Старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёна Аляксандр Красільнікаў, які браў удзел у судовым паседжанні, прапанаваў суддзі Галіне Свідуновіч пакінуць рашэнне выканкама ў моцы – прымаючы пад увагу дакументы, якія С. Мяркулаў прадаставіў непасрэдна на судзе.
Разам з тым па прапанове пракурора суд прыняў пастанову аб парушэнні выканкамам Закону аб масавых мерапрыемствах. Суд адзначыў: меркаванне выканкама аб тым, ці маюцца ў грамадзян прычыны для выказвання пратэсту, не з’яўляецца законнай падставай для забароны масавага мерапрыемства. Парушэнні выяўлены таксама ў тым, як выканкам праінфармаваў грамадзян аб прынятым рашэнні. Старшыня выканкаму павінен на працягу месяца ўхіліць недахопы ў працы і паведаміць аб гэтым суду.
Сярод тых, хто прысутнічаў на судовым паседжанні ў знак салідарнасці з арганізатарамі пікетаў, быў ветэран працы Валерый Касіч, які болей 30 год працаваў на вытворчым аб’яднанні "Хімвалакно" і доўгі час быў намеснікам генеральнага дырэктара гэтага буйнейшага ў горадзе прадпрыемства.