Мілінкевіч у Брэсце: шэсць затрыманняў за два дні
На сустрэчу з жыхарамі ў Кобрыне Аляксандру Мілінкевічу давялося ісці пешшу. Пасля сустрэчы – новае затрыманне за нібыта несанкцыянаваную акцыю.
Па дарозе з Брэста ў Кобрын машыну, на якой ехаў на сустрэчу Аляксандр Мілінкевіч, затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Яны прапанавалі праехаць у аддзяленне, не патлумачыўшы пры гэтым прычын. Кіроўца аўтамабіля накіраваўся з імі, а Аляксандр Мілінкевіч разам са сваімі паплечнікамі направіліся да Кобрына пешшу.
На сустрэчы з лідэрам Руху “За Свабоду” ў Кобрыне нягледзячы на праліўны дождж прыйшло каля трох дзесяткаў чалавек. Па яе заканчэнні да палітыка падыйшлі міліцыянты і прапанавалі прайсці ў РАУС Кобрына для дачы тлумачэнняў па нібыта правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства. Праз гадзіну пасля тлумачэнняў Аляксандра Мілінкевіча адпусцілі.
- Я думаю, што ўлада разгубленая і не ведае, што рабіць, - адзначыў палітык. – Мы ездзім па рэгіёнах, каб паказаць людзям, што не трэба баяцца, што не страшныя затрыманні і суткі, што неабходна змагацца за лепшае жыццё.
На думку Аляксандра Мілінкевіча, ва ўлады яшчэ ёсць шанец, каб выправіць сітуацыю ў краіне.
Нагадаем, учора адбылася сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі Брэста, на якой прысутнічала каля 200 чалавек. Перад сустрэчай аўтамабіль палітыка затрымлівалі чатыры разы, пасля сустрэчы спрабавалі дапытаць нібыта за правядзення несанкцыянаванай акцыі.