Вернікі і грамадзкія дзеячы перадалі ў Канстытуцыйны суд 50 тысячаў подпісаў за свабоду веравызнання.
Гэта вынік шматмесячнай працы, якую ў межах кампаніі “За свабоду веры!” праводзілі вернікі розных пратэстанцкіх цэркваў - Рэлігійнага аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля, рэлігійнай абшчыны “Царква Божая”, сталічнай царквы “Запавет Хрыста” і аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Подпісы збіраліся ў больш чым 40 гарадах па ўсёй Беларусі.
Як паведаміў Рацыі каардынатар аргкамітэту па стварэнні БХД Аляксей Шэін, вернікі патрабуюць унесці змены ў закон “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”, які ставіць розныя канфесіі ў няроўныя умовы:
- У першую чаргу гэта тычыцца рэгістрацыі рэлігійных абшчын. Таму што зарэгістраваць рэлігійную абшчыну ў Беларусі зараз вельмі складана. Гэта тычыцца і колькасці людзей, неабходных для рэгістрацыі, і атрымання юрыдычнага адрасу. Бо з такімі праблемамі сутыкаюцца не толькі палітычныя партыі, але і рэлігійныя абшчыны, асабліва пратэстанцкія і каталіцкія.
Другая праблема – гэта немагчымасць праводзіць набажэнствы ў месцах якія улады не прызнаюць культавымі. Прыкладам, з гэтым сутыкнуліся вернікі царцвы “Новае жыццё”, якія пабудавалі храм на месцы былога кароўніка.
Але, на думку Шэіна, гэты падыход вельмі неразумны - ён парушае правы вернікаў на малітву:
- Сітуацыя такая, што каб сабрацца тром-чатыром, пяці-дзесяці чалавекам і памаліцца, то трэба дазвол, а каб сабрацца кампаніяй і ўжываць алкаголь - такі дазвол не патрэбны.
Аргкамітэт кампаніі “За Свабоду веры!” прапануе ўраду стварыць рабочую групу, якая б выпрацавала змены ў рэлігійным заканадаўстве і аднавіла правы вернікаў усіх канфесій.