Дочкі Казуліна заклікаюць беларусаў на жалобную акцыю на Кастрычніцкай плошчы
Прэс-служба Аляксандра Казуліна паведаміла, што запланаваная ў Чырвоным касьцёле грамадзянская паніхіда і пахаваньне Ірыны Казулінай адкладаюцца да вызваленьня палітвязьня.
Вольга і Юлія Казуліны зьвярнуліся да беларусаў з заклікам выйсьці на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, каб разам быць у гэты дзень.
“Людзі Беларусі!
Мы зьвяртаемся да вас у вельмі цяжкую хвіліну для нашай сям’і – мы страцілі нашу любімую маму. Сёньня да нас прыходзяць, тэлефануюць і пішуць мноства людзей са спачуваньнямі ў нашым горы. Нашыя сэрцы ірвуцца на часткі. Мы ня можам пахаваць маму без нашага бацькі.
Мы ўдзячныя вам за вашую падтрымку. Будзем разам у гэты цяжкі час! Прыходзьце сёньня, 25 лютага, у 18.00 са сьвечкамі на Кастрычніцкую плошчу.
Успомнім Ірыну Казуліну, ушануем яе памяць!”