У Віцебску затрыманыя Барыс Хамайда і Алена Залеская
Актывістка віцебскай арганізацыі АГП Алена Залеская і вядомы распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда выйшлі сёньня ў цэнтар гораду, на плошчу Леніна, дзе каля так званага Сіняга дому запалілі сьвечку на знак жалобы з заўчасна пайшоўшай з жыцьця Ірынай Казулінай і распаўсюджвалі ўлёткі аб сьмерці жонкі палітвязьня. Праз некалькі хвілінаў яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі Чыгуначнага РУУС па абвінавачаньню ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.
Як паведаміў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, зараз грамадзка-палітычныя дзеячы знаходзяцца ў пастарунку, дзе на іх складаюць адміністратыўныя пратаколы.
Нагадаем, што афіцыйныя СМІ ні словам не абмолвіліся пра сьмерць Ірыны Казулінай, а самога палітвязьня Аляксандра Казуліна не адпускаюць на пахаваньне блізкага і дарагога яму чалавека. Гэтым самым рэжым дэманструе сваю пачварную сутнасьць, амаральнасьць, страх і зьневажаючае стаўленьне да людзей увогуле і канкрэтнага чалавека ў прыватнасьці.