Новыя акцыі ў абарону сацыяльных гарантый
У Салігорскі выканкам ад імя кааліцыі дэмакратычных сілаў была пададзена заяўка на правядзеньне мітынгу. Заяўнікі разьлічваюць сабраць да 500 чалавек.
На думку арганізатараў, улады не дазволяць мерапрыемства, бо за апошнія некалькі год салігорскі выканкам не задаволіў больш за сто заявак пададзеных ад імя дэмакратычных актывістаў.
Тым часам у горадзе зьявіліся першыя агітацыйныя матэрыялы, якія арыентаваны на студэнцтва, пэнсіянэраў, вэтэранаў, прапрымальнікаў. Значная ўвага надзяляецца скасаваньню ільготаў і сыстэматычнаму ўціску дробнага і сярэдняга бізнэсу.
– Матэрыяльнай становішча гараджан пагоршылася ў сувязі зь бяздарнай палітыкай дзяржавы ў сацыяльнай сфэры і шэрагам палітычных рашэньняў, што тычыцца прадпрымальнікаў. Мы маем намер данесьці да людзей, што сытуацыя можа зьмяніцца, што выказваць сваё меркаваньне варта. Мы ня ставім палітычных акцэнтаў, нашая акцыя – гэта проста спроба вырашэньня канкрэтнай праблемы шляхам мірнага мітынгу, – гаворыць заяўнік акцыі, сябра руху "За Свабоду" Павал Батуеў.
– Для дэмакратаў Салігорску гэта будзе ня проста адна з важных кампаніяў, але і магчымасьць займець багаты досьвед сумеснай працы, бо ў арганізацыйны камітэт увайшлі прадстаўнікі Маладога Фронту, жаночых арганізацыяў, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, беларускія сацыял-дэмакраты, прыхільнікі руху "за Свабоду", прыдпрымальнікі, – дадае грамадзкая актывістка Ларыса Насановіч.
Варта зазначыць, што ў шахцёрскім горадзе зьявілася моладзевая ініцыятыва супраць скасаваньня льготаў на праезд. Цяпер у грамадзкім транспарце можна пабачыць закрэсьленага зайца і надпіс "Перадай квіток іншаму". Гэтак, праз палітычны сьцёб, маладзены ўздымаюць актуальнае для школьнікаў і студэнтаў пытаньне.
– Мы ня маем дачыньня да палітычных рухаў, проста аб'яднаньне моладзі, якая занепакоеная скасаваньнем магчымасьці льготнага праезду, – гаворыць Антон. – На пытаньне, ці возьмуць удзел маладзёны ў мітынгу 2 сакавіка, мой суразмоўца запэўніў, што абавязкова.