viasna on patreon

Сёння Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі

2008 2008-02-21T10:46:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/852.jpg

21 лютага ў ходзе абмеркавання сітуацыі ў Беларусі ў Еўрапарламенце адбудзецца галасаванне па праекце рэзалюцыі. Узгоднены ўсімі фракцыямі парламента праект тэксту размешчаны на сайце Еўрапарламента.

У праекце рэзалюцыі еўрадэпутаты выказваюць "глыбокае шкадаванне", што становішча ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону ў Беларусі не паляпшаецца, бо працягваюцца "самавольныя затрыманні актывістаў грамадзянскай супольнасці, ціск на незалежныя СМІ". Гэтыя факты "ідуць уразрэз з заявамі беларускага ўрада аб гатоўнасці палепшыць адносіны з Еўрасаюзам", гаворыцца ў дакуменце.

У ім таксама асуджаюцца арышты і выключэнні з ВНУ, што з'явіліся ў выніку акцыі салідарнасці ў Мінску 16 студзеня.

Апрача таго, еўрадэпутаты заклікаюць асудзіць той факт, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе прымяняецца пакаранне смерцю, паведамляе БелаПАН.

Праект рэзалюцыі вітае датэрміновае вызваленне некаторых актывістаў дэмакратычнай апазіцыі, а таксама рашэнне беларускіх уладаў аб адкрыцці ў Мінску прадстаўніцтва Еўракамісіі, назваўшы гэта "станоўчым крокам у бок аднаўлення дыялогу з ЕС".
Дакумент нагадвае, што ўмовы для ўключэння Беларусі ў Еўрапейскую палітыку добрасуседства былі акрэсленыя ў стратэгіі ЕС у лістападзе 2006 года. "Каб пачаць сур'ёзны дыялог з ЕС, Беларусі трэба выканаць астатнія 11 рэкамендацый", — згадваецца ў праекце.

У дакуменце выказваецца салідарнасць з аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі і "ўсімі беларусамі, хто імкнецца да незалежнай, адкрытай, дэмакратычнай Беларусі, заснаванай на вяршэнстве закона".

Еўрапарламент заклікае беларускія ўлады "тэрмінова і безумоўна вызваліць апошняга палітычнага зняволенага" Аляксандра Казуліна, а таксама спыніць праслед і ціск на актывістаў дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай суольнасці ў Беларусі.
Праект рэзалюцыі змяшчае заклік да Камісіі і Савета ЕС разгледзець магчымасць зрабіць шэнгенскія візы для беларусаў бясплатнымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства