Крымінальны перасьлед па палітычных матывах
У Беларусі на працягу 2007 году крымінальны перасьлед актыўна выкарыстоўваўся беларускімі ўладамі як інструмент расправы з палітычнымі апанетамі, сродак ціску на грамадзкіх актывістаў і апазіцыйна настроеных грамадзянаў.
Патрабаваньне вызваленьня палітычных зьняволеных і спыненьня палітычна матываваных крымінальных справаў стала абавязковай умовай для вядзеньня дыялогу з урадам Беларусі еўрапейскіх структураў і ЗША. Пры гэтым беларускія ўлады занялі пазіцыю адмаўленьня наяўнасьці як палітычных зьняволеных у краіне, так і палітычных артыкулаў, называючы патрабаваньні міжнароднай супольнасьці інфармацыйнай кампаніяй, разьвязанай з мэтай дыскрэдытацыі зьнешняй і ўнутранай палітыкі краіны. Аднак на працягу года неаднаразова пытаньне з палітычнымі зьняволенымі станавілася прадметам палітычнага гандлю беларускіх уладаў з міжнароднымі інстытуцыямі.
Увесну вызваленьне палітычных зьняволеных стала галоўнай тэмай неафіцыйных перамоваў намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталі Пяткевіч з намесьнікам памочніка дзяржасакрата ЗША Дэвіда Крамера падчас ягонага візіту ў Беларусь. У выніку гэтых перамоваў беларускія ўлады вымушаныя былі паслабіць ціск на грамадзкіх актывістаў і нават пайшлі на датэрміновае вызваленьне трох палітычных зьняволеных: Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і Кацярыны Садоўскай. Пра каньюнктурны характар гэтага рашэньня ўладаў сьведчыць той факт, што напярэдадні ўсім тром асуджаным было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні ў сувязі з тым, што яны не сталі на шлях выпраўленьня. Гэта стала яркай ілюстрацыяй таго, што пытаньне вызваленьня вязьняў палягае не ў юрыдычнай, а ў палітычнай плоскасьці.
Выказвалася меркаваньне, што датэрміновае вызваленне Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і Кацярыны Садоўскай былі крокам беларускіх уладаў па захаваньні прэферэнцыяў у гандлі з Еўрасаюзам, аднак пасьля іх адмены працэс вызваленьня палітычных зьняволеных быў спынены, і кароткі перыяд палітычнай адлігі скончыўся.
Спадзяваньні на хуткае вызваленьне астатніх палітычных зьняволеных не апраўдаліся. У месцах пазбаўленьня волі працягвалі знаходзіцца экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, моладзевыя лідэры Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, а ў красавіку быў ўзаты пад варту па палітычных абвінавачаньнях палітык і публіцыст Андрэй Клімаў.
Не спраўдзіліся надзеі беларускай дэмакратычнай супольнасьці на хуткае вызваленьне палітычных вязьняў і з прыняцьцём Закону “Аб амністыі”, нормы якога былі сфармуляваныя такім чынам, што пад яго дзеяньне не патрапіў ні адзін з асуджаных па палітычных матывах.
Колькасьць асобаў, якія патрапілі пад крымінальны перасьлед у сувязі з іх грамадска-палітычнай дзейнасьцю заставалася даволі высокай.
Толькі па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй) да адказнасьці былі прыцягнутыя 8 чалавек – усе яны зьяўляліся сябрамі моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”. Яшчэ па 4 справах маладафронтаўцаў расьсьледваньні па ўзбуджаных крымінальных справах на працягу году не былі завершаныя.
У 2007 годзе, упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі, быў выкарыстаны артыкул з главы 32 Крымінальнага кодэксу – злачынства супраць дзяржавы. За публікацыю ў інтэрнэце палітык Андрэй Клімаў быў абвінавачаны паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, якія накіраваныя на шкоду зьнешней бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдаольнасьці), а таксама па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд расцаніў публікацыю Андрэя Клімава як “публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады ці гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, якія былі здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі”. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
У фактычна закрытым рэжыме адбывалася судовае разьбіральніцтва па крымінальнай справе Зьміцера Дашкевіча, якое праходзіла на тэрыторыі шклоўскай папраўчай калоніі, дзе моладзевы лідэр адбываў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі. Зьміцер Дашкевіч, асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі за ўдзел у незарэгістравай арганізацыі “Малады Фронт”, адмовіўся ад дачы паказаньняў па крымінальнай справе Івана Шылы, узбуджанай па гэтым жа абвінавачаньні, спасылаючыся на арт. 27 Канстытуцыі, якая гарантуе права ня сьведчыць супраць сябе самога. Нягледзячы на відавочную адсутнасьць складу злачынства ў дзеяннях Дашкевіча, суд прызнаў яго вінаватым і прыгаварыў да штрафу.
Трэба адзначыць, што крымінальныя прысуды, вынесеныя па палітычна матываваных справах, не насілі такога жорсткага характару, як у мінулым 2006 годзе. Большасьць асуджаных былі прыгавораная судамі да пакараньняў, не звязаных з пазбаўленьнем волі – да штрафаў ці судовых пэрасьцярогаў. Да пазбаўленьня волі быў асуджаныя толькі два чалавекі: Андрэй Клімаў і Артур Фінькевіч.
Гэтая тэндэнцыя на некаторае зьмякчэньне палітычнага перасьледу найперш зьвязаная з новай эканамічнай і зьнешнепалітычнай сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі на працягу году, і не зьяўляецца сьведчаньнем лібералізацыі беларускага рэжыму.
1. Крымінальная справа супраць Сяргея Гумінскага
22 студзеня моладзеваму актывісту Сяргею Гумінскаму сьледчыя Аршанскага ГАУС уручылі пастанову аб прызнаньні яго падазраваемым па крымінальнай справе, узбуджанай па факце нянясеньня графіці палітычнага зьместу па арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці). Некалькі разоў да гэтага Сяргей Гумінскі быў ужо дапытаны па гэтай справе, у ягонай кватэры было праведзена некалькі вобыскаў.
25 студзеня моладзевы актывіст быў выкліканы ў аддзяленьне міліцыі і азнаёмлены з дакументам аб спыненьні супраць яго крымінальнага перасьледу “ў сувязі з недаказанасьцю датычнасьці да зьдзейсьненага злачынства”.
2. Крымінальная справа супраць Мечыслава Яскевіча
Кіраўнік Гарадзенскага гарадзкога аддзяленьня “Саюзу палякаў на Беларусі” Мечыслаў Яскевіч быў затрыманы 5 лістапада 2006 году па абвінавачаньні нібыта ў развязваньні бойкі на тралейбусным прыпынку. Крымінальная справа была ўзбуджаная па ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “хуліганства”.
Разгляд справы адбыўся 9 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні. Мечыслаў Яскевіч сваю віну адмаўляў, аднак судзьдзя Жана Верхась прызнала яго вінаватым і асудзіла да штрафу ў памеры 40 базавых велічыняў (1 млн. 240 тыс. руб.), абавязаўшы аплаціць пацярпеламу 500 тыс. рублёў шкоды. “Саюз палякаў на Беларусі” заявіў аб правакацыі і палітычна матываваным перасьледзе сябра арганізацыі.
3. Крымільная справа супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой
Крымінальная справа супраць моладзевых актывістаў Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была ўзбуджаная па ч.1 арт. 14, ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу – “арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
Паводле начальніка аддзелу па нагляду за сьледзтвам ў органах унутраных справаў пракуратуры Віцебскай вобласьці, саветніка юстыцыі В.А. Забаўскага, “Дзянісаў Д.В. сумесна з іншымі асобамі ў колькасьці не меньш 25 чалавек, якія мелі пры сабе больш за 1000 улётак, 17.06.2006 г. у вячэрні час быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пры замаху на правядзеньне незаконнай акцыі “БУНТ” у Летнім амфітэатры ў г. Віцебску”.
19 чэрвеня 2006 году была ўзбуджана крымінальная справа па гэтых падзеях, а ў кастрычніку вынесеная пастанова аб прызнаньні Дз. Дзянісава і Т. Елавой абвінавачваемымі.
Тацяна Елавая пакінула Беларусь, а ў адносінах да Дзянісава Дзянісава была абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, ён быў абвешчаны ў вышук, паколькі хаваўся ад сьледзтва. У сувязі з неўстанаўленьнем месцазнаходжаньня абвінавачваемага 19 кастрычніка 2006 году вытворчасьць па крымінальнай справе была спыненая, аднак 16 лютага 2007 году ўзноўленая – моладзевы актывіст быў затрыманы ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку Дз. Дзянісава ўтрымлівалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2, дзе ён правёў два месяцы.
З-пад варты Дзяніс Дзянісаў быў адпушчаны 11 красавіка пад грашовы заклад памерам 500 базавых велічынь (больш за 15 з паловай мільёнаў рублёў), сабраны прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці.
30 траўня крымінальная справа супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была спыненая з-за адсутнасьцю складу крыміанльнага злачынства.
4. Крымінальная справа супраць Канстаніцна Лукашова
Крымінальная справа ў адносінах да Канстанціна Лукашова, брата палітыка Вячаслава Сіўчыка, была ўзбуджаная па арт. 364 Крымінальнага кодэксу – “гвалт ці пагроза гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі”. Ён абвінавачваўся ў наездзе на ўтамабілі на супрацоўніка міліцыі 28 сакавіка 2006 году, калі забіраў брата з аддзяленьня хірургіі 3-й клінічнай бальніцы Менску, якога ў дзень выпіскі намагаліся затрымаць невядомыя асобы ў цывільным.
Затрыманы Канстанцін Лукашоў быў толькі 19 сьнежня проста па месцы працы ў Інстытуце геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук і зьмешчаны ў СІЗА. Утрыманьне пад вартай было матывавана тым, што ён нібыта ўхіляўся ад сьледзтва і ў сувязі з гэтым знаходзіўся у вышуку, хаця ўвесь гэты час навуковы супрацоўнік кожны дзень хадзіў на працу і нікуды не выязджаў з Беларусі.
20 лютага суд Ленінскага р-на г. Мінска прызнаў Канстанціна Лукашова вінаватым у інкрымінуемым злачынстве, і судзьдзя Зінаіда Красоўская прысудзіла яму два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Судзьдзя таксама абавязала яго выплаціць пацярпеламу міліцыянту кампенсацыю ў памеры 1 мільёна рублёў і апалаціць судовыя выдадаткі. Канстанцін Лукашоў быў вызвалены з-пад варты ў зале суда.
Прысуд быў абскарджаны, і 3 красавіка калегія Менскага гарадзкога суда адмяніла прысуд раённага суда, накіраваўшы справу Канстанціна Лукашова на новы разгляд іншаму судзьдзі. 9 ліпеня намесьнік старшыні суда Ленінскага раёну Тацяна Жулкоўская пры паўтроным разглядзе вынесла аналагічны прысуд: два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Менскі гарадзкі суд 28 жніўня пакінуў прысуд у сіле, а скаргу Канстанціна Лукашова без задавальненьня.
5. Крымінальная справа супраць Валерыя Шчукіна
6 сакавіка ў РУУС Першамайскага раёну Віцебску праваабаронцу і журналісту Валерыю Шчукіну было прад’яўленае абвінавачаньне паводле арт.189 ч.2 Крымінальнага кодэксу – “зьнявага, нанесеная ў друкаваным творы”. Сьледчыя выявілі зьнявагу старшыні і членаў акруговай выбарчай камісіі ва ўлётках, якія вырабіў і распасюджваў Валеры Шчукін пасьля выбараў у мясцовыя Саветы, што адбыліся ў студзені. Трэба адзначыць, што абвінавачаньне па артыкуле 189 КК зьяўляецца справай асабістага характару, гэта азначае, што ўзбуджаецца толькі па заяве пацярпелага, аднак у дадзеным выпадку справа была ўзбуджаная пракуратурамі Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў Віцебска.
Падчас разгляду справы ў судзе Першамайскага раёну Віцебска, які пачаўся 8 чэрвеня, трое з чатырох пацярпелых сяброў акруговай камісіі адмовіліся ад матэрыяльнай кампенсацыі за нібыта нанесеную ім зьнявагу, і толькі Людміла Буевіч запатрабавала 500 тысячаў рублёў кампенсацыі. Судзьдзя Наталя Гурьян прызнала Валерыя Шчукіна вінаватым і пакарала штрафам у памеры 40 базавых велічыняў (каля 600 даляраў), абавязаўшы таксама выплаціць 250 тысячаў рублёў (каля 125 даляраў) кампенсацыі маральнай шкоды члену апарата Віцебскай абласной выбарчай камісіі Тацяне Буевіч і аплаціць судовыя выдаткі. Праваабаронца абскарджваў вынесены прысуд, аднак безвынікова: 24 ліпеня судовая калегія Віцебскага абласнога суда пакінула рашэньне ў сіле.
6. Крымінальная справа супраць Наталі Старасьцінай, Вячаслава Сіўчыка, Аляксандры Ясюк, Аляксандра Урыўскага, Мікіты Краснова
Наталя Старасьціна, Аляксандра Ясюк, Аляксандр Урыўскі, Мікіта Красноў былі затрыманыя 22 сакавіка, а Вячаслаў Сіўчык -- 24 сакавіка ў якасьці падазраваных па крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэксу – “арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Упершыню распаўсюд улётак аб масавым мерапрыемстве кваліфікаваўся па гэтым артыкуле. Усе пяцёра былі зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня Менску, дзе знаходзіліся на працягу трох дзён.
25 траўня, пасьля двух месяцаў разбіральніцтва, Вячаслаў Сіўчык, Наталя Старасьціна, Аляксандра Ясюк, Аляксандр Урыўскі, Мікіта Красноў атрымалі паведамленьні з аддзелу сьледчага ўпраўлення ГУУС Менгарвыканкаму, што “ў сувязі з адстунасьцю складу крымінальнага злачынства” расьследваньне па справе спыненае.
7. Крымінальная справа супраць Андрэя Клімава
Палітык і публіцыст Андрэй Клімаў быў затрыманы супрацоўнікмаі міліцыі раніцай 3 красавіка і дастаўлены ў пракуратуру Менска. Яму было прад’яўленае абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэксу: “публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады ці гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, ці здрады дзяржаве, ці здзяйсьненьня тэрарыстычнага акту або дыверсіі, ці здзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці або распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі”. Гэта стала першым выпадкам у найноўшай гісторыі Беларусі прад’яўленьня абвіначваньня ў зьдзяйсьненьні злачынства супраць дзяржавы, а падставай для яго стала публікацыя Андрэя Клімава на інтэрнэт-сайце.
Пры правядзеньні сьледзтва па крымінальнай справе Андрэя Клімава не было праведзена экспертызы сайту, на якім быў зьмешчаны артыкул: каму ён належыць, хто зьмяшчае інфармацыю на ім і г.д. Літаратуразнаўчая эксьпертыза праводзілася не інстытутам літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, а інстытуам крыміналогіі і крыміналістыкі МУС Рэспублікі Беларусь.
1 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Андрэя Клімава вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства па частцы 3 артыкула 361, а таксама па арт. 368 Крымінальнага кодэксу – “абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і асудзіў ягона на два гады пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, на яго не былі дапушчаныя сваякі, прадстаўнікі грамадзкасьці і СМІ. 2 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суда адхіліла касацыйную скаргу і пакінула прысуд без зьменаў. Андрэй Клімаў быў накіраваны адбываць пакараньне ў Мазырскай папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
8. Крымінальная справа cупраць Насты Палажанкі, Зьміцера Хведарука, Аляксея Янушэўскага, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага
Крымінальная справа была ўзбуджаная 4 лютага ўпраўленьнем КДБ па Менску па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу – “арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй”. У гэты дзень адбылося масавае затрыманьне ўдзельнікаў паседжаньня Цэнтральнай Рады незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, якое праводзілася ў прыватнай кватэры ў Менску. Некалькі дзесяткаў затрыманых моладзевых актывістаў праз пэўны час былі вызваленыя, а Зьміцер Хведарук і Алег Корбан -- зьмешчаныя ў СІЗА КДБ, дзе правялі трое сутак у якасьці падазраваных па ўзбуджанай крымінальнай справе. Пазьней у якасьці падазраваных па гэтай справе былі прыцягнутыя Барыс Гарэцкі, Аляксей Янушэўскі і непаўнагадовая Наста Палажанка.
Абвінавачваньне грунтавалася на канфіскаваных падчас ператрусаў на кватэрах «маладафронтаўцаў» друкаваных матэрыялах, а таксама на раздрукоўках тэлефонных размоваў і аўдыёзапісе сходаў 29 верасьня 2006 г., 25 га, 29 студзеня, 1, 4 лютага 2007 году. Зьміцера Хведарука абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў Першамайскай радай “Маладога Фронту”, Алега Корбана – у кіраўніцтве Партызанскай рады, Аляксея Янушэўскага – Заводзкай, Барыса Гарэцкага — у тым, што ён быў прэс сакратаром арганізацыі, Насту Палажанку абвінавачвалі ў кіраўніцтве арганізацыйным аддзелам арганізацыі. Мэтай дзейнасьці «Маладога Фронту», на думку абвінавачаньня, зьяўляўся захоп ўлады шляхам масавых вулічных акцыяў.
Судовыя слуханьні па справе праходзілі 28-29 траўня ў судзе Савецкага райну Менску.
Дзяржабвінаваўца Міхонская прапанавала пакараць Зьміцера Хведарука, Аляксея Янушэўскага, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага штрафамі ў памеры 500 базавых велічыняў, а Насту Палажанку -- выпраўленчымі працамі. Судзьдзя Руслан Аніскевіч прызнаў моладзевых актывістаў вінаватымі ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства і вынес наступныя пакараньні: Зьміцер Хведарук – штраф у памеры 40 базавых велічыняў (1 млн. 240 тыс. руб.), Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі, Барыс Гарэцкі – штрафы ў памеры 30 базавых велічыняў (930 тыс.руб.), Насьце Палажанцы вынесеная судовая перасьцярога.
9. Крымінальная справа супраць Насты Азаркі
Крымінальная справа супраць моладзевай актывісткі з Нясьвіжу Насты Азаркі па арт. 193.1 КК -- “арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй” -- была ўзбуджаная 5 сакавіка паводле пастановы старэйшага сьледчага аддзелу расьсьледваньняў злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасьці і карупцыі сьледчага ўпраўленьня папярэдняга расьсьледваньня УУС Менаблвыканкаму старэйшага лейтэнанта міліцыі Д.Н. Мехава.
Наста Азарка падазравалася ў тым, што “сумесна з іншымі асобамі, у перыяд часу з кастрычніка 1998 па дадзены час, прымала актыўны ўдзел у незаконнай дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня “Малады Фронт”, якое не прайшло ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі. Пры гэтым распаўсюджвала друкаваную прадукцыю з заклікамі да барацьбы з існуючым грамадзкім ладам і дзеючай дзяржаўнай уладай у Рэспубліцы Беларусь, прымала актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні несанкцыянаваных мітынгаў, агітацыйнай і іншай дзейнасьці, скіраванай на дасягненьне мэтаў указанага аб’яднання.”
4 верасьня судзьдзя Марыя Дунаева суда Нясвіжскага раёну Менскай вобласьці прызнала Насту Азарку вінаватай у здзяйсненні інкрымінуемага ёй злачынства і прызначыла ёй пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 40 базавых велічыняў.
10. Крымінальная справа супраць Івана Шылы
Крымінальная справа ў дачыненьні да непаўнагадовага моладзевага актывіста з Салігорску Івана Шылы была ўзбуджаная 10 траўня пракуратурай Менскай вобласьці па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу -- “арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй”.
Іван Шыла абвінавачваўся у тым, што “дакладна ведаючы аб тым, што Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь моладзеваму грамадскаму аб’яднаньню “Малады Фронт” адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі, з 26 лістапада 2006 году ажыцьцяўляў незаконную арганізацыю дзейнасьці дадзенага аб’яднаньня і ўдзельнічаў у яго дзейнасьці пры наступных абставінах. Так, ён, зьяўляючыся кіраўніком структуранага падразьдзяленьня (суполкі) моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Малады Фронт” у г. Салігорску Менскай вобласьці і яго актывістам, для дасягненьня мэтаў, вызначаных статутам аб’яднаньня, прыняў актыўны ўдзел ў мерапрыемствах аб’яднаньня, шэраг якіх былі арганізаваныя з ягоным непасрэдным удзелам:
па месцы свайго жыхраства не пазьней 11 траўня 2007 г., з мэтай уцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў, з дапамогай кампутарнай тэхнікі вырабіў візітоўкі і ўлёткі ад імя МГА “Малады Фронт”, у якіх указаў нумар свайго мабільнага тэлефону;
па месцы свайго жыхраства да 11 траўня 2007 г. захоўваў іншую атрыбутыку аб’яднаньня “Малады Фронт”: значкі з мэтай іх распаўсюду і ўцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў;
па месцы свайго жыхарства не пазьней 11 траўня 2007 г. з дапамогай кампутарнай тэхнікі склаў і вырабіў ад імя аб’яднання “Малады Фронт” брашуры з назвай “Свабоду палітычным вязьням” з указаньнем нумару свайго мабільнага тэлефону з мэтай уцягваньня ў аб’яднанне новых сяброў і распаўсюджваў указаныя брашюры сярод жыхароў гораду Салігорска;
па месцы свайго жыхарства з дапамогай кампутарнай тэхнікі ад імя аб’яднаньня “Малады Фронт” вырабіў газету “Свабодны Салігорск”, у якой распаўсюджваў інфармацыю пра дзейнасьць аб’яднаньня “Малады Фронт”, мерапрыемтсвы, якія ім праводзяцца з указаннем нумару свайго мабільнага тэлефону з мэтай уцягвання новых сяброў і распаўсюджваў гэтую газету сярод жыхароў гораду Салігорска;
у перыяд з 18 па 20 студзеня 2007 г. арэндаваў кватэру ў г. Салігорску, дзе захоўваў друкаваную прадукцыю, плакаты і павязкі аб’яднаньня “Малады Фронт” для забесьпячэньня яго дзейнасьці;
па месцы свайго жыхарства 30 траўня 2007 г. склаў “План дзейнасьці Салігорскага “Маладога Фронту” на чэрвень — сьнежань 2007 г.”;
на рынку “Старавакзальны” ў г. Салігорску 4 студзеня 2007 г. каля 11.30 распаўсюджваў перадвыбарчыя ўлёткі ад імя МГА “Малады Фронт”;
па месцы свайго жыхраства ў перыяд з 15.10 да 15.49 па тэлефоне даў інтэрвью журналсіту “Еўрапейскага радыё для Беларусі” і іншым журналістам аб арганізацыі і правядзеньні 20 студзеня 2007 г. пікетаў ад імя МГА “Малады Фронт”;
на цэнтральнай плошчы ў г. Салігорску Менскай вобласьці 20 студзеня 2007 г. каля 16 гадзінаў арганізаваў і правёў пікет ад імя МГА “Малады Фронт”, дэманструючы плакат “Свабоду Дашкевічу”;
зьвярнуўся 26 лютага 2007 г. у Салігорскі райвыканкам з заявай аб працы грамадкага аўтатранспарту і іншых пытаннях, публічна зьвязваючы вынікі яе разгляду з дзейнасьцю аб’яднаньня “Малады Фронт”.
4 верасьня суд Салігорскага раёну з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора А.І. Чарнышэвіча разгледзеў крымінальную справу адносна Івана Шылы ў адкрытам судовым паседжанні. Судзьдзя В.Н. Лапіна прызнала моладзевага актывіста вінаватым у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынаства, прадугледжанага арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь, і вынесла Івану Шылу судовую перасьцярогу.
Вынесены прысуд быў абскраджаны ў калегіі па крымінальных справах Менскага абласнога суда, аднак скарга была пакінутая без задавальненьня, а вынесены прысуд -- бяз зменаў.
11. Крымінальная справа супраць Зьміцера Дашкевіча
Зьміцер Дашкевіч, лідэр моладевай арганізацыі “Малады Фронт”, 1 лістапада 2006 году быў асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу -- “арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй”. Пакараньне быў накіраваны адбываць у шклоўскую калонію №17 Магілёўскай вобласьці.
Падчас адбыцьця пакараньня ў адносінах да Зьміцера Дашкевіча была ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа паводле пастановы сьледчага Шклоўскага РУУС капітана міліцыі С.Н.Лоха. Асуджаны моладзевы актывіст быў абвінавачаны ў тым, што падчас допыту ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненьні да Івана Шылы па абвінавачаньні ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванага “Маладога Фронту”, адмовіўся ад дачы паказаньняў. Трэба адзначыць, што Зьміцер Дашкевіч пісьмова адмовіўся ад дачы паказаньняў на падставе артыкула 27 Канстытуцыі, які гарантуе права грамадзянаў не даваць паказаньні супраць сабе самога, паколькі па гэтай жа справе “Маладога Фронту” ён быў асуджаны і сам. Аднак сьледзтва палічыла, што гэтым учынкам Зьміцер Дашкевіч зьдзейсніў крымінальнае злачынства, прадугледжанае арт. 402 Крымінальнага кодэксу – “адмова альбо ўхіленьне сьведкі ад дачы паказаньняў”.
Суд над моладзевым актывістам пачаўся 6 лістапада і праходзіў на тэрыторыі шклоўскай папраўчай калоніі, куды адміністрацыя дапусьціла толькі непасрэдных удзельнікаў працэсу: судзьдзю, пракурора, адваката. 9 лістапада судзьдзя Кашкіна прызнала Зьміцера Дашкевіча вінаватым і пакарала штрафам у памеры 60 базавых велічыняў (1 мільён 860 тысячаў рублёў).
12. Крымінальная справа супраць Яраслава Грышчэні
Моладзевы актывіст з гораду Баранавічы Яраслаў Грышчэня абвінавачваўся ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу -- “арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй”.
Паводле пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы, якую вынес пракурор г. Баранавічы, старэйшы дарадца юстыцыі А.П. Смаль, “непаўнагадовы Грышчэня Я. С. пасьля заявы ў Баранавіцкі ГАУС, якую ён зрабіў 20 красавіка 2007 году аб дабраахвотным спыненьні ўдзелу ў дзейнасьці моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Малады Фронт”, не прайшоўшае ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі, фактычна працягнуў удзел у дзейнасьці гэтага незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня пры правядзеньні шэсьця “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка 2007 году, пра што сьведчаць адзьнятыя відэаматэрыялы”.
Суд над Яраславам Грышчэнем пачаўся 10 верасьня ў судзе Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Падчас судовага разьбіральніцтва пракурор, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне, прапанаваў пакараць актывіста на 1 год пазбаўленьня волі ўмоўна. Судзьдзя Васіль Петрыў прызнаў Яраслава Грышчэню вінаватым у інкрымінуемым злачынстве і прыняў рашэньне аб пакараньні яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь (930 тысячаў рублёў).
13. Крымінальная справа супраць Андрэя Цянюты, Арсенія Ягорчанкі і Кірыла Атаманчыка
18 верасьня ўпраўленьнем КДБ па Гомельскай вобласьці была ўзбуджаная крымінальная справа па факце дзейнасьці незарэгістраванага моладзевага аб’яднаньня “Малады Фронт” згодна з арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу -- “арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у ёй”. Падазраванымі па справе былі прызнаныя гомельскі актывіст Андрэй Цянюта, актывіст са Жлобіну Кірыл Атаманчык і моладзевы актывіст са Сьветлагорску Арсеній Ягорчанка.
У пастанове аб прызнаньні К. Атаманчыка падазраваемым, выдадзенай дазнавацелем, старэйшым лейтэнантам Андрэем Коласавым, было ўказана, што актывіст разам з нявызначанымі асобамі ажыцьцяўляе дэструктыўную дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. У прыватнасьці, наносяць на фасады будынкаў і пабудоваў сімволіку арганізацыі, а таксама надпісы дэструктыўнага характару. Па меркаваньні сьледчага, гэта робіцца “з мэтай папулярызаці ідэалогіі арганізацыі “Малады Фронт” і стварэньня ілюзіі ў грамадзтве аб наяўнасьці шырокага супраціву дзеючай уладзе”. Аналагічныя абвінавачаньні ўтрымліваліся ў пастановах, атрыманых Арсеніем Ягорчанкам і Андрэем Цянютам.
16 лістапада сьледчы ўпраўленьня КГБ па Гомельскай вобласьці Дзмітрый Седляроў паведаміў падазраваным аб прыпыненьні сьледзтва па крымінальнай справе па прычыне “немагчымасьці вытворчасьці сьледчых дзеяньняў, без якіх ня можа быць прынятае рашэньне аб завяршэньні папярэдняга сьледзтва”. 14 сьнежня вытворчасьць на крымінальнай справе была адноўленая. На канец 2007 году матэрыялы справы знаходзіліся на этапе папярэдняга сьледства.
14. Крымінальная справа супраць Кацярыны Салаўёвай
Супраць моладзевай актывісткі з з Лепеля, студэнкті другога курсу гісторыка-філалагічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага універсітэту Кацярыны Салаўёвай 28 сьнежня была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу – “арганізацыя дзейнасьці грамадскага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у іх”.
Паводле пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы, Кацярына Салаўёва падазраецца ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”. На канец 2007 году па крымінальнай справе праводзіліся сьледчыя дзеяньні.
15. Крымінальная справа супраць Артура Фінькевіча
Моладзевы актывіст Артур Фінькевіч быў асуджаны 10 траўня 2006 году на два гады абмежаваньня волі за нанясеньне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў палітычных графіці і быў накіраваны адбываць пакараньне ў сьпецкамендатуру № 43 г. Магілёва.
У кастрычніку 2007 году супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 415 Крымінальнага кодэксу – “ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі”. Артур Фінкевіч быў зьмешчаны ў СІЗА Магілёву, дзе ўтрымліваўся да суда.
Моладзеваму актывісту інкрымінаваліся сістэматычныя парушэньні рэжыму ўтрыманьня ў сьпецкамендатуры, у сувязі з чым на яго адміністрацыяй установы было накладзена пяць дысцыплінарных спагнаньняў. Пры гэтым Артур Фінькевіч неаднаразова скардзіўся на пагрозы і ціск, які аказваўся на яго з боку адміністрацыі сьпецкамендатуры.
21 сьнежня суд Кастрычніцкага раёну Магілёва прызнаў Артура Фінькевіча вінаватым, судзьдзя Наталя Крашкіна прыгаварыла яго да году і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі ў калоніі агульнага рэжыму.
16. Крымінальная справа супраць Дар’і Ільініч і яе маці Наталі Ільініч
Студэнтка гістарычнага факультэту БДУ Дар’я Ільініч у сакавіку разам з групай моладзі прымала ўдзел у адукацыйнай праграме, якая адбывалася ў Польшчы. Перад паездкай Дар’я захварэла, у сувязі з чым яе маці Наталя Ільініч зьвярнулася да доктара бальніцы ў Мар’інай Горцы з просьбай выдаць яе дачцы адпаведную даведку. Даведка была выдадзеная, аднак студэнтка адчула сябе лепей і паехала на семінар.
Пасьля паездкі ў Польшчу ва ўнівэрсітэт да Дар’і Ільініч прыйшлі супрацоўнікі КДБ і настойвалі на тым, каб дзяўчына прадаставіла ім інфармацыю аб арганізатарах адукацыйнай праграмы і яе ўдзельніках. Супрацоўкікі КДБ прыгразілі, што ў выпадку адмовы ад супрацоўніцтва супраць яе, маці, а таксама доктара будуць узбуджаныя крымінальныя справы.
Пасьля адмовы Дар’і Ільініч ад супрацоўніцтва супраць яе маці была ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з атрыманьнем медыцынскай даведкі па ч.5 арт. 16 і ч.1 арт. 427 Крымінальнага кодэксу – “падбухторваньне да службовага падлогу”. 9 лістапада суд Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці прызнаў Наталю Ільініч вінаватай і пакараў папраўчымі работамі тэрмінам на 1 год і 6 месацаў з утрыманьнем 20% заробку штомесяц. Прысуд быў абскарджаны у судовую калегію па крымінальных справах Менскага абласнога суда, які сваім вызначэньнем ад 21 сьнежня пакінуў прысуд бяз зьменаў, а скаргу без задавальненьня.
У сьнежні крымінальная справа па арт. 380 Крымінальнага кодэксу – “падробка, выраб, выкарыстаньне ці збыт падробных дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў” -- была ўзбуджаная супраць Дар’і Ільініч. На канец 2007 году вялося папярэдняе расьсьледваньне.
17. Крымінальная справа супраць Сярегея Панамарова
29 верасьня 2006 году супраць рэдактара самавыдавецкага бюлетэню “Бойкий Клецк” Сяргея Панамарова з гораду Клецку Менскай вобласьці была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.2 арт. 188 Крымінальнага кодэксу – “паклёп у друкаваных сродках”. Нагодай для ўзбуджэньня справы стала нататка ў «Бойком Клецке» пра кіраўніка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Наталю Семашкевіч.
На працягу гэтага часу сьледзтва па крымінальнай справе пяць разоў прыпынялася і аднаўлялася зноў, хаця праведзеная двойчы адмысловая лінгвістычная эксьпертыза не падцьвердзіла факту паклёпу ў публікацыях С. Панамарова. Апошні раз сьледзтва па справе было адноўленае 17 верасьня памочнікам пракурора г. Клецку Валянцінай Лябедзька, а прыпыненае праз два месяцы -- у канцы лістапада.
18. Крымінальная справа супраць Аляксандра Зьдзьвіжкова
22 лютага 2006 году па выніках праверкі, праведзенай пракуратурай і КДБ, была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу – “распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы” ў сувязі з перадрукам у газеце “Згода” карыкатураў з дацкай газеты «Jullands-Posten» на прарока Мухамеда. Праверка праводзілася на падставе звароту ў праваахоўныя органы старшыні рэлігійнага аб’яднаньня “Духоўнае ўпраўленьне мусульманаў Рэспублікі Беларусь” муфція Ісмаіла Варановіча, які палічыў перадрук гэтых карыкатур абразлівым для мусульман.
Нягледзячы на тое, што выданьне не было распаўсюджанае, а 17 сакавіка 2006 году Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб спыненьні дзейнасьці выданьня, крымінальная справа не была спыненая. Падазраваным па справе быў прызнаны намесьнік галоўнага рэдактара газеты “Згода” Аляксандр Зьдзьвіжкоў. Журналіст летам 2006 году зьехаў з Беларусі, і расьсьледваньне справы было прыпыненае, а журналіст абвешчаны ў росшук.
18 лістапада 2007 году Аляксандр Зьдзьвіжкоў быў арыштаваны, калі прыехаў на магілу свайго бацькі ў Барысаў, і ўтрымліваўся пад вартай у сьледчым ізалятары КДБ. Судовае разьбіральніцтва прызначанае на 11-га студзеня 2008 году ў Менскім гарадзкім судзе.
19. Крымінальная справа супраць Валерыя Місьнікава
У канцы 2006 году супраць віцебскага юрыста і праваабаронцы Валерыя Місьнікава пракуратурай Віцебскай вобласці была ўзбуджаная крымінальняя справа спачатку па арт. 369 Крымінальнага кодэксу – “абраза прадстаўніка ўлады”, а затым і па ч. 2 арт. 377 – “выкраданьне ці пашкоджаньне дакументаў, пячатак асаблівай важнасьці”. Валеры Місьнікаў абвінавачваўся у тым, што ў сваіх скаргах на імя пракурора Віцебскай вобласьці наўмысна, з мэтай прыніжэньня гонару, годнасьці асобы і прафесійных якасьцяў абразіў начальніка аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці А. Балееву і старэйшага сьледчага па важнейшых справах пракуратуры Віцебскай вобласьці А. Таўтына. Таксама Місьнікаў быў абвінавачаны ў выкраданьні тамоў крымінальнай справы ў працоўны час з кабінета сьледчага пракуратуры.
У чэрвені згодна з пастановай сьледчага пракуратуры Валеры Місьнікаў быў падвергнуты судова-медыцынскай эксьпертызе ў псіхіятрычнай бальніцы “Навінкі” Менскага раёну, эксьперты якой паставілі дыяганаз: “паранаідальнае зьмяненьне асобы”. У пачатку верасьня пастановай суда, які праходзіў у закрытым рэжыме, В. Місьнікаў быў прыцягнуты да прымянення прымусовых мераў бясьпекі і лячэньня ў псіхіятрычным шпіталі звычайнага назіраньня. У лістападзе Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скрагу юрыста і пакінуў яе без задавальненьня, а рашэньне суда першай інстанцыі бяз зменаў. З 16 кастрычніка Валеры Місьнікаў утрымліваецца ва ўстанове аховы здароўя “Браслаўская абласная псіхбальніца “Слабодка”.
Згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя ад 05.11.1999 № 337 і зацверджаным гэтым загадам Палажэньнем “Аб шпіталізацыі хворых у псіхіятрычныя стацыянары”, шпіталізацыя грамадзяніна ў псіхіятрычны стацыянар ажыцьцяўляецца, калі ён ўяўляе непасрэдную небясьпеку для сябе і (ці) акружаючых. Непасрэдная небясьпека можа быць абумоўленая некаторымі захворваньнямі і псіхічнымі паталогіямі, аднак у іх пераліку няма захворваньня, якім, на думку псіхіятараў, пакутуе В. Місьнікаў. Гэта азначае, што ён не падлягаў шпіталізацыі ў псіхіятрычны стацыянар.
20. Крымінальная справа ў супраць Аляксандра Крутога
Крымінальная справа па арт. 368 Крымінальнага кодэксу – “абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” была ўзбуджаная ў траўні 2003 году па факту распаўсюду ў Нясьвіжы Аляксандрам Крутым улётак, якія нібыта ўтрымлівалі тэкст з абразай прэзідэнта. Ва ўлётках было напісана: «Органы власти склоняются ко злу (творят зло). Я говорю: Лукашен Ко злу не склоняется».
Аляксандр Круты быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў кастрычніку 2007 году ў Менску, дастаўлены спачатку ў Нясьвіж, а затым зьмешчаны ў Жодзінскім СІЗА.
У межах крымінальнай справы А. Круты быў падвергнуты псіхіятрычнай эксьпертызе, у выніку якой яму быў пастаўлены дыягназ: “паранаідальная шызафрэнія”. Паводле заключэньня эксьпертызы, адносна Аляксандра Крутога павінны быць ужытыя прымусовыя меры медыцынскага характару з лячэньнем ва ўмовах стацыянару ў межах арт. 101 Крымінальнага кодэксу – “прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня, якія выкарыстоўваюцца да псіхічна хворых”.