Салігорск: А. Цацуру пазбавілі правоў
12 лютага лідэр салігорскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Цацура выйшаў на свабоду пасьля адбыцьця 15-суткавага арышту за збор подпісаў пад зваротам да мясцовай улады з заклікам паспрыяць адмене прэзыдэнцкага ўказу № 760. На наступны дзень ён быў выкліканы ў cалігорскую дзяржаўтаінспекцыю. Міліцыянты прад’явілі яму афіцыйную пастанову аб пазбаўленьні вадзіцельскіх правоў на два гады. Таксама спадар Цацура мусіць сплаціць штраф - 350 тысяч рублёў.
“Гэта яшчэ адна помста за маю актыўную грамадзкую дзейнасьць, – кажа Аляксандар Цацура. – Я неадкладна буду аспрэчваць несправядлівае рашэньне. У мяне ёсьць сьведкі, што я не парушаў правілаў дарожнага руху ў той дзень, пра які кажуць міліцыянты”.
10 студзеня ў Менску плянаваўся мітынг прадпрымальнікаў. Аляксандар Цацура быў адным зь яго заяўнікаў і накіроўваўся на гэтую акцыю ў сталіцу. У мікрааўтобусе, які належыць Аляксандру Цацуру, былі яго жонка і сын, а таксама прадпрымальнік Віктар Крываль.
Тады міліцыянты затрымалі Аляксандра Цацуру, забралі яго вадзіцельскія дакумэнты і абвінавацілі ў тым, што ягоны аўтобус рухаўся па левай паласе дарогі, тым часам як правая была нібыта вольная.
Калі ж Аляксандар Цацура, яго жонка і сын, а таксама Віктар Крываль рушылі ў Менск пешкі, то іх пад прымусам даставілі ў РАУС Менскага раёну, дзе затрымалі на сем гадзінаў. У аддзеле міліцыянты абвінавацілі ўсіх чатырох у непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.