Першы ў Беларусі дзіцячы прававы сайт пачне працаваць у верасьні.
Гэта частка праекту «Прававое выхаваньне ў школе», які рэалізуецца пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЭСКА. Сайт разьлічаны на групы дзяцей з 4-х да 18-ці гадоў.
Тым часам беларускамоўныя школьнікі набылі немалы досьвед барацьбы за ўлачныя правы. У Горках доўгі час вучылася дома Маша Каралькова. Дзяўчынка з дапамогаю бацькоў дамагалася выкананьня свайго права вучыцца ў школе па-беларуску. Справа вырашылася, цяпер Маша ўжо ў дзясятай клясе. У школьным жыцьці змаганьне працягваецца. Расказвае бацька Віктар Каралькоў.
Віктар Каралькоў: Учора дачка чытала даклад на тэму: «Трагічны лёс беларускіх пісьменьнікаў у гады сталінізму». Выснова была такая: сталінізм – гэта адна з формаў расейскай агрэсіі на Беларусь. Адна былая настаўніца выступіла наконт таго, што гэта накіравана супраць Расеі. Але дачка сказала ёй: «Вы нічога не зразумелі».
Дзіцячы прававы сайт, які пачне працаваць у верасьні, разьлічаны на выхаваньне пачуцьця адказнасьці ў дзяцей і іх бацькоў. У форме гульні дзецям будуць расказваць пра іх правы й абавязкі. Распрацоўшчыкі сайту ствараюць розныя віктарыны, задачы flash-гульні, якія мадэлююць розныя жыцьцёвыя сытуацыі.
Тым часам пра неверагодныя паводле лёгікі сытуацыі расказваюць бацькі беларускамоўных школьнікаў. Вось расповяд Алеся Асіпцова з Магілёва.
Алесь Асіпцоў: Мы дамагаліся, каб у школе дазволілі запаўняць дзёньнік па беларуску. Хадзілі ў Гарвыканкам. На гэта ніхто ня зьвяртае ўвагі. Але адміністрацыя школы робіць нядобрую справу. Прывучае дзяцей не зьвяртаць увагі на беларускую мову. Аўтаматычна дакумэнты, надрукаваныя па-беларуску, запаўняюцца па-руску. Якая тут беларуская мова, тут бы выжыць! Нам удалося дамагчыся свайго, бо ў мяне дачка вельмі прынцыповая. Яна 1 верасьня запоўніла дзёньнік па беларуску. А настаўніца загадала купіць новы і запаўняць як усе. Я сказаў, што падам на яе ў суд. Потым перад намі прабачаліся.
Што да новага сайту пра правы дзіцяці, дык адна зь ягоных частак будзе прысьвечаная абітурыентам. Там будзе пералік навучальных установаў і патрабаваньняі да тых, хто жадае паступіць. Будзе таксама разьмешчаная інфармацыя пра работу адвакатаў, судьдзяў, сьледчых, пракурораў ды натарыюсаў.