Праваабаронцам і актывістам Партыі БНФ адмовілі ў сустрэчы са Зьміцерам Жалезнічэнка
Праваабаронцы з Гомеля і Рэчыцы, а таксама жлобінскія актывісты Партыі БНФ наведалі ў нядзелю вайсковую частку 83469 ў Жлобіне, дзе пазапраўна ўтрымліваецца студэнт Зміцер Жалезнічэнка. Дзяжурны на КПП адмовіў у сустрэчы, спаслаўшыся на нібыта ўведзены карантын.
Праваабаронцы патрабавалі прадставіць ім загад камандаваньня, або нейкае рашэньне наконт карантыну. Замест адказу спаслаліся на абвестку пра забарону сустракацца з вайскоўцамі грамадзянскаму насельніцтву. У той жа час каля вайсковай часткі сустракаліся ваеннаслужачыя з блізкімі і сябрамі. Калі да праваабаронцаў выйшаў намеснік камандзіра часткі па ідэалогіі Макарэвіч, ён патлумачыў: “Сваякам – можна, астатнім – забаронена”. Вось такі незразумелы каранцін. Замест сустрэчы з Жалезнічэнка праваабаронцы пакінулі скаргу ў Кнізе заўваг і прапаноў і перадалі Зьміцеру прадукты харчаваньня.
Да гэтага часу армейскія чыноўнікі не спяшаюцца выконваць вызначэньне суду, якое мае прамое дзеяньне. Цяпер на Жалезьнічэнку аказваюць ціск, каб ён прыняў прысягу і тым самым сытуацыя стала незваротнай.