Праваабарончы цэнтр “Вясна” рэкамендаваў кандыдатуру студэнта Зьміцера Жалезнічэнкі для вылучэньня на сусьветную Студэнцкую прэмію за мір.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў ініцыятарам вылучэньня студэнта з Беларусі Зьміцера Жалезьнічэнкі на Студэнцкую прэмію за мір (Student Peace Prize).
Зьміцер Жалезьнічэнка, які для беларускай моладзі зьяўляецца прыкладам адстойваньня права на адукацыю, зараз пазапраўна ўтрымліваецца ў вайсковай частцы ў Жлобіне, дзе яго насуперак пастановы суду змушаюць да прыняцьця прысягі.
Зьміцер Жалезьнічэнка зьяўляецца студэнтам 3 курсу матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Выдатнік, увесь час свайго навучаньня атрымліваў павышаную стыпендыю. Сярэдні бал яго адзнак адзін з самых высокіх ва унівэрсытэце – 9,3 балаў з 10 магчымых. Зьміцер прымаў актыўны удзел у абласных інтэлектуальных гульнях, займае актыўную грамадзкую пазіцыю -- зьяўляецца намесьнікам старшыні Гомельскай філіі Моладзі БНФ.
Студэнт за сваю грамадзкую дзейнасьць і палітычныя погляды быў двойчы адлічаны з унівэрсітэта і двойчы ўзноўлены рашэннем судоў. Першы раз 5 верасня 2007 года Зьміцер Жалезнічэнка быў адлічаны з 3 курса Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. на падставе дакладной запіска дэкана матэматычнага факультэта Жогаля С., які паведамляў, што 20 лістапада 2006 года Жалезнічэнку была аб'яўленая вымова з-за адмовы даць пісьмовае тлумачэньне адсутнасьці на 10 парах без паважных прычын, па-другое, рашэньнем Гаспадарчага суда Гомельскай вобласці ад 9 жніўня 2007 года ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсьненьні адміністратыўнага правапарушэньня.
Дэмакратычнае беларускае грамадства перакананае у палітычна матываваным адлічэньні Зьмітра. Рэпрэсіі ў дачыненьні да актывіста з боку уладаў і адміністрацыі гомельскага ВНУ пачаліся пасьля арганізацыі студэнтам канцэрту беларускіх бардаў. Выступленьні гэтых бардаў звычайна праводзяцца на прыватных кватэрах, паколькі рэжым Лукашэнкі забараняе ім афіцыйна выступаць перад слухачамі.
Потым у падатковую інспекцыю Гомеля паступіла заява ад трох студэнтаў гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, Антона Яначкіна, Станіслава Лапыкі і Пятра Валяева аб тым, што пры ўваходзе ў прыватны дом, дзе ладзіўся канцэрт, была выстаўлена скрыня для грошай, і яны нібыта ўкінулі ў яе па 5 тысяч рублёў, а квіткоў ім ніхто не даў. У выніку разгляду справы Зміцер Жалезнічэнка быў прызнаны вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і аштрафаваны на 310 тысяч беларускіх рублёў. Беларускія правабаронцы лічаць гэты прысуд незаконным, больш таго, факту збору грошай суд так і не змог выявіць. Зьміцер Жалезнічэнка звярнуўся са скаргай у Вышэйшы гаспадарчы суд, які прызначыў разгляд скаргі Зьмітра на 25 верасня. Нягледзячы на тэрміны разгляду скаргі, Гомельскі ўнівэрсытэт пасьпяшаўся выдаць загад аб адлічэньні Жалезнічэнкі.
Не пагадзіўшыся з загадам аб адлічэньні, Зьміцер папярэдзіў дэканат аб тым, што будзе зьвяртацца у суд. Пасля дадзенай заяве на наступны дзень, 17 верасня, Зміцер Жалезнічэнка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі на адным з прыпынкаў Гомеля, як "асоба, якая па прыкметах падобная на гвалтаўніка". Потым абвінавачваньне ў згвалтаваньні са Зьміцера было зьнята, але яму прыпісалі, што ў час затрыманьня ён супраціўляўся міліцыі і лаяўся матам. 18 верасня адбыўся суд, на якім у якасці сведкі выступіў студэнт пятага курса эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Скарыны сябра моладзевай арганізацыі БРСМ (Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі) Судакоў Андрэй, які пацвердзіў, што Зміцер Жалезнічэнка брыдкасловіў. Суддзя Дамненка Марына прысудзіла Зьміцера Жалезнічэнку да 8 сутак арышту. У знак пратэсту супраць правакацыі і незаконнага асуджэньня Зьміцер пад арыштам трымаў галадоўку.
Прыкра, што абвінавачаньні у брыдкаслоў’і актыўна выкарыстоўваюцца беларускімі праваахоўнымі органамі дзеля таго, каб нэйтралізаваць найбольш палітычна актыўных беларускіх грамадзян. Так напрыклад перад апошняй апазыцыйнай акцыя прадпрымальнікаў-21 студзеня, у Менску за “нецэнзурную лаянку” было арыштавана больш за 50 апазыцыйных грамадзянскіх актывістаў.
19 кастрычніка Жалезнічэнка быў выкліканы ў Гомельскі гарадскі ваенны камісарыят. У ваенкамаце Зьміцер адмовіўся запаўняць прапанаваныя яму бланкі на рускай мове і запатрабаваў каб яму прадставілі дакументы на нацыянальнай мове. У гэты ж дзень Міністэрства адукацыі, куды звяртаўся са скаргай на адміністрацыю ВНУ Жалезнічэнка, прызнала законным яго адлічэньне.
Адлічаны студэнт-выдатнік Зьміцер Жалезнічэнка 1 кастрычніка накіраваў скаргу на дзеяньні Гомельскага дзяржаўнага універсітэта ў суд Цэнтральнага раёна горада Гомеля. Зьміцер запатрабаваў прызнаць неправамоцным яго адлічэньне, сплаціць яму судовыя выдаткі і стыпендыю за час незаконнай забароны навучаньня. 16 студзеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок адмяніў загад рэктара Гомельскага дзяржаўнага універсітэта ад 7 верасня 2007 года аб адлічэньні Жалезнічэнкі і абавязаў ВНУ аднавіць студэнта пасля ўступленьня ў законную сілу дадзенага рашэньня.
На другі дзень Зьміцер загадам рэктара быў адноўлены на вучобе. Але літаральна праз тыдзень, 22 студзеня ізноў збіраецца прафкам, які паўторна прызнае адлічэньне Зьмітра законным.
23 студзеня супрацоўнікі ваенкамата пачалі афармляць Зьмітра для службы у чыгуначных войсках. Актывісту не далі нават абскардзіць сваё другое адлічэньне з унівэрсытэту ў судзе. З прычыны незаконнага адлічэньня з унівэрсытэту і гвалтоўнай адпраўкі ў войска, Зьміцер Жалезьнічэнка абвясьціў бестэрміновую галадоўку. Пра гэта ён падаў адмысловую заяву ў прызыўную камісію і ў Міністэрства абароны.
1 лютага суд Савецкага раёну горада Гомеля вынес прыватнае вызначэньне аб прыпыненьні прызыву на вайсковую службу Зміцера Жалезнічэнкі. Між тым, Гомельскі абласны і гарадскі ваенкаматы адмаўляюцца выконваць вызначэньне суду аб прыпыненьні прызыву на вайсковую службу моладзевага актывіста.
Беларускія праваабаронцы, а таксама актывісты Моладзі БНФ і іншых грамдскіх арганізацыяў лічаць, што ізаляцыя актыўнага студэнта і палітыка Зьміцера Жалезнічэнкі шляхам яго пазапраўнага адлічэньня з вышэйшай навучальнай установы і накіраваньня на вайсковую службу ёсьць яскравы прыклад стаўленьня уладаў да грамадскіх актывістаў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” рэкамендаваў кандыдатуру студэнта Зьміцера Жалезнічэнкі для вылучэньня на сусьветную Студэнцкую прэмію за мір.