Пратэст прадпрымальнікаў пачнецца ў Баранавічах
https://spring96.org/be/news/20387
2008
2008-02-11T10:22:40+0200
2008-02-11T10:22:40+0200
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Сёньня ў Баранавічах а 12-й гадзіне прадпрымальнікі плянуюць правесьці несанкцыянаваны мітынг пратэсту супраць прэзыдэнцкага ўказу №760.
Баранавіцкі гарвыканкам адмовіў прадпрымальнікам у правядзеньні акцыі пратэсту. Улады патлумачылі, што заяўнікі нібыта не ўказалі мерапрыемствы па забесьпячэньні грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня і прыбіраньня тэрыторыі. Аднак заяўнікі цьвердзяць, што папера была складзена адпаведна ўсім патрабаваньням. Актывіст прадпрымальніцкага руху з Баранавічаў Мікалай Чарнавус сказаў:“Урад – “супраць”, народ – “за”. Гарвыканкам – “супраць”, а народ – “за”. Я думаю, што гэты камок пачнецца з Баранавічаў. Цяпер іншыя рэгіёны падхопяць і пойдзе. Усе рэгіёны глядзяць сёньня на Баранавічы. Бо ўсе ведалі, што Баранавічы зрабілі заяўку. Баранавічы актыўна ўдзельнічалі ў акцыях 10-га і 21-га. Вы ўявіце, чалавек 300 было з Баранавічаў на мітынгу ў Менску”.
Спадар Анатоль, прадпрымальнік з Баранавічаў, кажа, што на мітынг у Баранавічах таксама зьбярэцца многа ўдзельнікаў. “Людзі хочуць аднаго: адмены пункта 1.1 указу №760. Вы паглядзіце газэту аб’яваў, колькі месцаў прадаецца, павільёнаў, ралетаў – мора! Такога ніколі не было. У людзей было 4-5 кропак, а цяпер сядзяць на 1-2, а астатняе куды?
Саліць жа ня будзеш. Пазвальнялі мора гандляроў, куды дзявацца?”