Вярніце Зьмітру Жалезьнічэнку магчымасьць вучыцца! Заява Партыі БНФ
Суд Савецкага раёну г.Гомеля ў межах грамадзянскай справы аб незаконнасьці прызыву Зьмітра Жалезьнічэнкі яшчэ 01.02.2008 г. вынес вызначэньне аб прыпыненьні яго прызыву ў войска.
Гэтае вызначэньне суду павінна выконвацца адразу і абскарджаньню не падлягае. Дакумэнты суду яшчэ на пачатку тыдня былі прадстаўленыя ў ваенкамат, які ажыцьцявіў прызыў у войска Зьмітра Жалезьнічэнкі. На жаль, у гэты момант ваенкамат, спасылаючыся на працэдурныя недасканаласьці, сабатуе выкананьне судовага вызначэньня.
Такім чынам вось ужо амаль тыдзень Зьміцер Жалезьнічэнка незаконна знаходзіцца ў вайсковай частцы.
Партыя БНФ у цэлым вітае вызначэньне суду і выказвае асьцярожны спадзеў, што суд аб’ектыўна і ўсебакова разгледзіць справу і абароніць правы і законныя інтарэсы Зьмітра Жалезьнічэнкі. Мы лічым, што Зьміцер павінен працягваць сваю вучобу, а беларускае войска ня мусіць выкарыстоўвацца для палітычнага ціску на моладзевых актывістаў.
Партыя БНФ заклікае ўпаўнаважаныя органы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь тэрмінова выканаць вызначэньне суду і вызваліць Зьмітра Жалезьнічэнку ад праходжаньня тэрміновай вайсковай службы ў межах выкананьня вызначэньня суду Савецкага раёну г. Гомеля.
Лявон Баршчэўскі, Старшыня Партыі БНФ