Вярхоўны суд пакінуў у сіле папярэджаньне КХП БНФ
Сёньня судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Валер Самалюк вынес рашэньне паводле пазову Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі да Міністэрства юстыцыі.
Папярэджаньне, зробленае партыі міністэрствам, застаецца ў сіле.
6 сьнежня 2007 года Міністэрства юстыцыі вынесла КХП БНФ пісьмовае папярэджаньне за распаўсюд звароту да службовых асобаў, выканкамаў, установаў адукацыі, органаў юстыцыі, пракуратуры ды іншых “Асыміляцыя — злачынства супраць чалавецтва”. Міністэрства юстыцыі палічыла, што ў лісьце ўтрымліваецца “тэндэнцыйная інфармацыя ў дачыненьні да палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, грубыя паклёпніцкія выпады ў дачыненьні да нацыянальнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, народу Расеі і яго гісторыі”.
“Над намі павесілі “дамоклаў меч”
Прадстаўнікі КХП БНФ Сяргей Папкоў, Валер Буйвал ды іншыя прасілі правесьці лінгвістычную экспэртызу звароту. Яны спрабавалі пераканаць суд, што ў тэксьце няма суб’екту абразы, паклёпу, што ніхто зь нібыта пакрыўджаных “грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі” не зьвяртаўся з абурэньнямі.
Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, начальнік аддзелу грамадзянскіх аб’яднаньняў спадар Печкуроў так і не назваў абражаны суб’ект і не ўдакладніў, хто канкрэтна абураўся, чые нацыянальныя пачуцьці былі закранутыя.
Але абскардзіць пісьмовае папярэджаньне Мін’юсту да КХП БНФ не ўдалося.
Выканаўчы сакратар КХП БНФ Валер Буйвал распавёў:
“Над намі павесілі “дамоклаў меч”, каб мы ня рыпаліся. Мы ж сур'ёзныя людзі, палітычная арганізацыя з 20-гадовай гісторыяй, мы па-філязофску ставімся да гэтага. Мы будзем дзейнічаць у адпаведнасьці са сваім статутам і сваёй праграмай, як гэта мы рабілі і раней”.
Нагадаем, што пасьля двух папярэджаньняў афіцыйныя ўлады могуць распачаць працэдуру ліквідацыі партыі.