Праблема зьніклых застаецца актуальнай
Згодна з Дэкларацыяй аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўных зьнікненьняў, абвешчанай Генеральнай Асамблеяй ААН у сьнежні 1992 году, выпадкі гвалтоўных зьнікненьняў маюць месца, калі “асобы падвяргаюцца арышту, затрымліваюцца ці выкрадаюцца супраць іх волі ці нейкім іншым чынам пазбаўляюцца свабоды службовымі асобамі розных зьвеньняў ці ўзроўняў ураду, арганізаванымі групамі ці прыватнымі асобамі, якія дзейнічаюць ад імя ўраду, пры ягонай прамой ці ўскоснай падтрымцы, з яго дазволу ці згоды, пры далейшай адмове паведаміць пра лёс ці месцазнаходжаньне такіх асобаў ці прызнаць іх пазбаўленьне волі, што ставіць дадзеных асобаў па-за законам”.
Аналагічнае азначэньне ўтрымлівае Міжнародная Канвенцыя аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўных зьнікненьняў, адзінагалосна прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН 20 сьнежня 2006 году і прадстаўленая для падпісаньня краінамі на сьпецыяльнай цэрэмоніі ў Парыжы 6 лютага 2007 году. Канвенцыя абавязуе дзяржавы-члены ААН прадпрымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністатыўныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах папярэджаньня і прадухіленьня актаў гвалтоўнага зьнікненьня; прадугледжвае стварэньне сьпецыяльнага Камітэту па гвалтоўных зьнікненьнях, які будзе разглядаць даклады краінаў-удзельніц і скаргі прыватных асобаў. У дакуменце падкрэсьліваецца, што пры пэўных абставінах гвалтоўныя зьнікненьні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавечнасьці, і ў гэтай якасьці яны падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага права. Канвенцыя была падпісаная 57 краінамі (уступіць у сілу на трыццаты дзень пасьля здачы на захаваньне Генеральнаму сакратару ААН 20-ай ратыфікацыйнай граматы ці дакумента аб далучэньні). Беларусь ад яе падпісаньня ўстрымалася.
1 сакавіка прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў пракаментаваў гэтае рашэньне “Белорусским новостям” наступным чынам: “Рэспубліка Беларусь абсалютна спакойна і без ніякіх праблемаў далучылася да кансэнсусу па адпаведнай Рэзалюцыі Генасамблеі. Гэта значыць, падкрэсьліваю, ніякіх праблемаў з прыняцьцем Рэзалюцыі, якая афіцына заяўляе аб наяўнасьці гэтай Канвенцыі, у нас не было. У Беларусі ёсьць магчымасьць далучыцца да дакумента ў той час, які яна палічыць патрэбным”. Ён таксама падкрэсьліў, што пытаньне персьпектываў падпісаньня дакумента той ці іншай краінай зьяўляецца добраахвотным – кожная дзяржава далучаецца да той ці іншай канвенцыі згодна з уласнымі ўнутранымі правіламі і інтарэсам.
Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталя Пяткевіч адносна персьпектываў для Беларусі падпісаць Канвенцыю выказалася больш катэгарычна. На міжнароднай канферэнцыі па праблемах гандлю людзьмі, што праходзіла 4-7 сакавіка ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, яна заявіла: “Канвенцыя не актуальная для Беларусі. Яна для нас адыгрывае такое самае значэньне, як ахова азнонавага слою ці абарона галадаючых. У нас такой праблемы няма”. Н. Пяткевіч дадала, што МЗС Беларусі ня будзе надаваць статус першачарговасьці дадзенай Канвенцыі ААН.
Па дадзеных МУС, кожны год у Беларусі ў росшук абвяшчаюцца каля тысячы чалавек. Агульная колькасьць крымінальных справаў па нераскрытых забойствах за апошнія 45 гадоў складае 1 265, з якіх 74 узбуджаныя па фактах зьнікненьня грамадзянаў. Гэта сапраўды невысокі паказчык нераскрыванасьці злачынстваў, зьвязаных са зьнікненьнем людзей, і можна было б пагадзіцца з меркаваньнем Н. Пяткевіч аб неактуальнасьці для Беларусі гэтай праблемы, калі б у краіне не была закладзеная практыка палітычных выкраданьняў і магчымых паза-судовых пакараньняў сьмерцю.
Да гэтага часу невядомыя лёсы палітычных і грамадзкіх дзеячаў Юрыя Захаранкі (выкрадзены 7 траўня 1999 году), Віктара Ганчара (зьнік 16 верасньня 1999 году), журналіста Дзьмітрыя Завадзкага (зьнік 7 ліпеня 2000 году) і бізнесмена Анатоля Красоўскага, які быў выкрадзены разам з В. Ганчаром. Згодна з арт. 35 Канвенцыі аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўных зьнікненьняў, “калі нейкая дзяржава становіцца ўдзельнікам дадзенай Канвенцыі пасьля яе ўступленьня ў сілу, то яе абавязальніцтвы перад Камітэтам адносяцца толькі да выпадкаў гвалтоўнага зьнікненьня, якія мелі месца пасьля ўступленьня для яе ў сілу дадзенай Канвенцыі”. “Таму мы разглядаем працу па выкананьні нормаў Канвенцыі як абарону будучых пакаленьняў ад гэтага жахлівага злачынства”, -- выказалася Сьвятлана Завадзкая, былая жонка зьніклага журналіста.
Пра магчымую датычнасьць дзяржаўных службоўцаў вышэйшага эшалону ўлады ў Беларусі да выкраданьняў Ю. Захаранкі, В. Ганчара, Дз. Завадзкага і А. Красоўскага неаднаразова заяўлялі прадстаўнікі як беларускай грамадзкасьці, так і міжнародных структураў. Так, у выніку расьсьледваньня сьпецдакладчыка Камітэту па прававых пытаньнях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса магчымымі арганізатарамі дадзеных злачынстваў названыя міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, былы міністр унутраных справаў Юры Сівакоў, Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман і камандзір сьпецыяльнага аддзелу хуткага рэагаваньня палкоўнік Дзьмітрый Паўлічэнка. На працягу многіх гадоў сьледчыя органы ніякім чынам не рэагуюць на дадзеную інфармацыю – не абвяргаюць і не прадпрымаюць неабходных крокаў дзеля высьвятленьня сапраўднасьці абвінавачаньняў.
Афіцыйнае сьледзтва па справах аб зьнікненьнях Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчар і Анатоля Красоўскага працягваецца. Кожныя тры месяцы з пракуратуры гораду Мінска сьледчы па важнейшых справах малодшы дарадца юстыцыі Сяргей Кухаронак дасылае адпаведныя паведамленньні родным зьніклых (па справе В. Ганчара апошняе такое паведамленьне датаванае 22.12.2007 г.) і прадстаўніку сямьі Ю. Захаранкі Алегу Волчаку (апошняе паведамленьне – 24.12.2007 г.). Акрамя таго, што сьледзтва працягнутае “ў мэтах правядзеньня дадатковых сьледчых дзеяньняў”, ніякай інфармацыі, датычнай ходу і вынікаў сьледства, не паведамляецца.
Расьсьледваньне справы аб выкраданьні Дзьмітрыя Завадзкага было прыпыненае 31 сакавіка 2006 году “ў сувязі з невыяўленьнем бясьсьледна зьніклай асобы” і болей не ўзнаўлялася. Паведамленьне пра гэта атрымала маці Дзьмітрыя Завадзкага Вольга Рыгораўна за подпісам намесьніка начальніка аддзелу па расьсьледваньні справаў карупцыі пракуратуры Рэспублікі Беларусь, малодшага дарадцы юстыцыі Івана Бранчэля. Скарга на імя Генеральнага пракурора, пададзеная адразу пасьля атрыманьня паведамленьня аб прыпыненьні расьсьледваньня, не была задаволеная. Нагадаем, што па абвінавачаньні ў выкраданьні Завадзкага і зьдзяйсьненьні шэрагу іншых злачынстваў у 2002 годзе да розных тэрмінаў былі асуджаныя члены так званай “банды Ігнатовіча”, былога супрацоўніка сьпецпадразьдзяленьня “Алмаз” (у тым ліку В. Ігнатовіч і М. Малік -- да пажыцьцёвага зьняволеньня), аднак месцазнаходжаньне журналіста так і не было высьветленае. У лістападзе справа набыла нечаканы паварот. Валеры Ігнатовіч, які адбывае пакараньне ў Жодзінскай турме, перадаў праз СМІ свой зварот да А. Лукашэнкі, дзе сьцьвярджае пра сваю недатычнасьць да злачынстваў, у зьдзяйсьненьні якіх ён прызнаны вінаватым: “Я, асуджаны Ігнатовіч Валерый Аляксандравіч, чакаю поўнага апраўданьня і заяўляю пра сваю недатычнасьць да залачынстваў, у зьдзяйсьненьні якіх мяне неабгрунтавана абвінавацілі, незаконна асудзілі і падверглі неправамернаму турэмнаму зьняволенью. Я цалкам невінаваты. Злачынстваў не зьдзяйсьняў”. Маці Дзьмітрыя Завадзкага, якая прысутнічала на судовым працэсе (ён меў закрыты характар), сьцьвярджае таксама, што віна В. Ігнатовіча ў выкраданьні яе сына не была даказаная, і датычнасьць “банды Ігнатовіча” да гэтага злачынства выглядала вельмі непераканаўчай. Ня выключана, што існавала пэўная дамова, і В.Ігнатовіча схілілі ўзяць на сябе віну за выкраданьне Дз.Завадзкага, за што яму было абяцана захаваць жыцьцё. Верагодна, што Дзьмітрый Завадзкі быў выкрадзены тымі ж асобамі, якія датычныя да зьнікненьняў іншых вядомых людзей.
Сыходзячы з таго, што афіцыйнае сьледзтва па справах аб зьнікненьнях вядомых дзеячаў на працягу многіх гадоў вялося абсалютна фармальна і безвынікова, сваякі выкрадзеных Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Сьвятлана Завадзкая, Вольга Завадзкая, а таксама іх прадстаўнікі Гары Паганяйла і Алег Волчак 30 кастрычніка перадалі Генеральнаму пракурору Беларусі “Абвінаваўчы акт”, складзены па выніках грамадзкага расьсьледваньня дадзеных гучных справаў. Згодна з “Абвінаваўчым актам” (папярэдняе заключэньне аб датычнасьці вышэйшых службовых асобаў Беларусі да фактаў зьнікненьняў і (ці) адвольных пакараньняў Захаранкі Ю.М., Ганчара В.І., Красоўскага А.С., Завадзкага Дз.А.), асноўнымі падазраваемымі па справе названыя: 1) Лукашэнка А.Р. – прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Глава Савету бясьпекі РБ; 2) Шэйман В.У. – дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі РБ; 3) Сівакоў Ю.Л. – экс-міністр унутраных справаў РБ; 4) Навумаў У.У. – міністр МУС РБ; 5) Паўлічэнка Дз. В. – камандзір в/ч 3214; 6) Васільчанка М.В. – былы начальнік Службы бясьпекі прэзідэнта РБ.
На 20 старонках “Абвінаваўчага акту” выкладзеныя зьвесткі, атрыманыя падчас аператыўна-сьледчых дзеяньняў, а таксама матэрыялы грамадзкага расьсьледваньня па фактах выкраданьня людзей. Заяўляльнікі выказалі меркаваньне, што “дадзеныя злачынствы згодна з дзеючым заканадаўствам РБ раскрытыя, падазраваныя па іх асобы ўстаноўленыя… аднак далейшае расьсьледваньне па справах у поўным абьёме не вядзецца, паколькі прафесійная дзейнасьць сьледчых, пракурораў, судзьдзяў блакуецца вышэйшымі службовымі асобамі Беларусі, падазравемымі ў зьдзяйсьненьні дадзеных злачынстваў”. Складальнікі дакументу заявілі, што “прымаючы да ўвагі, што кампетэнтныя органы Беларусі наўмысна ігнаруюць зьвесткі аб датычнасьці падазраваемых да фактаў гвалтоўных зьнікненьняў пацярпелых і не прымаюць на нацыянальным узроўні мераў па поўным і аб’ектыўным расьсьледваньні справаў” яны зьбіраюцца выкарыстаць магчымасьці так званай універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі. Гэтая юрысдыкцыя “прадастаўляе магчымасьць прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці асобаў, якія зьдзейсьнілі перасьледуемае міжнародным правам злачынаства супраць бясьпекі чалавецтва (аналагічныя правілы ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі прадугледжаныя ў частках 3, 4 Крымінальнага кодэксу РБ)”.
На дадзены зварот адказ з Рэспубліканскай пракуратуры на працягу месяца атрымала толькі маці Дзьмітрыя Завадзкага Вольга Рыгораўна ў лісьце ад 16.11.2007 за подпісам пракурора аддзелу па нагляду за сьледзтвам у органах пракуратуры А.В. Сыцько. У лісьце падрабязна апісваюцца вынікі расьледваньня і суда па справе Дзьмітрыя Завадзкага, а таксама паведамляецца: “Працягваецца аператыўная праца па ўстанаўленьні месцазнаходжаньня Завадзкага Д.А. ці ягонага цела; асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства (?). У выпадку атрыманьня станоўчай інфармацыі, вытворчасьць па крымінальнай справе будзе неадкладна ўзноўленая”.
У той час, як афіцыйныя ўлады фактычна толькі імітуюць расьсьледваньне справаў аб зьнікненьнях, беларуская і міжнародная грамадзкасьць не пакідала гэтую праблему без увагі. Акцыі памяці былі арганізаваныя ў 8-ю гадавіну зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, у 7-ю гадавіну зьнікненьня Дзьмітрыя Завадзкага. Кожны месяц 16 чысла (16 верасьня вылі выкрадзеныя В. Ганчар і А. Красоўскі — рэд.) па ўсёй краіне запальваліся сьвечкі памяці. Гэты дзень атрымаў назву Дзень салідарнасьці, і ўжо ўспрымаецца як акцыя салідарнасьці ня толькі з роднымі зьніклых, але і ўсімі палітычнымі зьняволенымі Беларусі і іх семьямі. Амаль заўсёды гэтыя мерапрыемствы суправаджаліся сілавымі разгонамі ўдзельнікаў, іх затрыманьнямі і адміністратыўным перасьледам.
У траўні 2007 году ў Парыжы была створаная Міжнародная кааліцыя супраць гвалтоўных зьнікненьняў, у склад якой увайшлі “Міжнародная Амністыя”, “Human Rights Watch”, FEDEFAM (Лацінаамэрыканская фэдэрацыя родных зьніклых людзей), Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа, Міжнародная асацыяцыя юрыстаў і грамадзянская ініцыятыва з Беларусі “Мы памятаем”.
Пра неабходнасьць высьветліць лёс зьніклых беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў няспынна заяўлялі міжнародная арганізацыі. Гэтая праблема на працягу году ўздымалася ў ААН на розных узроўнях. Патрабаваньне да беларускіх уладаў “адхіліць ад пасадаў афіцыйных асобаў, якія, як сьцьвярджаецца, датычныя да любых справаў аб гвалтоўных зьнікненьнях, адвольных пакараньняў сьмерцю і катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня, на перыяд сьледзтва па такіх справах і забясьпечыць прыняцьце ўсіх неабходных мераў для усебаковага і бесстароньняга расьсьледваньня такіх справаў, прыцягнуць асобаў, якім інкрымінуюцца гэтыя злачынствы, да адказнасьці ў незалежным судзе і, у выпадку прызнаньня іх вінаватымі, забясьпечыць, каб яны былі пакараныя згодна з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі ў галіне правоў чалавека” – утрымліваецца ў Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі ад 19 сьнежня 2007 году (такія ж патрабаваньні вылучаліся ў Рэзалюцыях 2003, 2004, 2005, 2006 гадоў, але беларускія ўлады не прадпрынялі за гэты час ніякіх эфектыўных мераў у дадзеным накірунку).
Справы аб зьнікненьнях Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў лістападзе разглядаліся на чарговай сесіі Рабочай групы па гвалтоўных ці недабраахвотных зьнікненьнях (тэматычны механізм, створаны ў 1980 годзе па ініцыятыве Генеральная Асамблеі ААН для разгляду выпадкаў асабліва сур’ёзных па свайму характару канкрэтных парушэньняў правоў чалавека). Перад пачаткам сесіі Рабочая група праінфармавала родных зьніклых, што беларускі МЗС у чарговы раз прадставіў тлумачэньне адносна вынікаў афіцыйнага сьледзтва: “расьсьледваньне працягваецца, але знайсьці выкрадальнікаў не ўдаецца”. У сваіх каментарах да адказу МЗС, дасланых у Рабочую групу, блізкія выкрадзеных паведамілі, што сьледзтва вядзецца фармальна, да гэтага часу не дапытаныя асобы – высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, якія могуць быць датычныя да арганізацыі гэтых злачынстваў.
Пра невыкананьне Беларусьсю сваіх абавязкаў па раскрыцьці справаў аб гвалтоўных выкраданьнях родныя зьніклых чарговы раз заявілі, калі беларускі ўрад выказаў намер увайсьці ў склад Савету па правах чалавека ААН. Зінаіда Ганчар, Ульяна Захаранка і Вольга Завадская ўказалі: “На працягу многіх гадоў мы ня ведаем пра лёс сваіх блізкіх, афіцыйнае сьледзтва практычна не вядзецца. Адсутнасьць якіх-небудзь вынікаў сьледзтва мы зьвязваем з незацікаўленасьцю беларускіх уладаў у расьсьледваньні гэтых злачынстваў, што ўмацоўвае нашую здагадку пра дачыненьне да іх вышэйшых службовых асобаў Беларусі. Патрабаваньне аб правядзеньні аб’ектыўнага і ўсебаковага расьсльедаваньня справаў аб гвалтоўных зьнікненьнях… неаднаразова ўтрымлівалася ў Рэзалюцыях Генеральнай Асамблеі ААН. Гэтыя патрабаваньні ўпарта ігнаруюцца ўрадам Рэспублікі Беларусь. Мы расцэньваем гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў ня толькі як жаданьне схаваць сапраўдных заказчыкаў і выканаўцаў выкраданьняў нашых блізкіх, але і як непрызнаньне аўтарытэту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”. Жанчыны заклікалі не дапусьціць членства Беларусі ў Савеце па правах чалавека ААН да моманту выкананьня дзяржавай сваіх абавязкаў не толькі перад сваімі грамадзянамі, але і перад міжнароднай супольнасьцю.
Прызнаючы пасьлядоўную пазіцыю ААН у патрабаваньнях да беларускіх уладаў расьсьледаваць справы зьнікненьняў вядомых у краіне людзей, грамадзкасьць з расчараваньнем успрыняла дазвол на ўдзел міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава ў канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку, прысьвечаную гандлю жанчынамі на пачатку сакавіка (нагадаем, У. Навумаў уключаны ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Еўрапейскага Саюзу, ЗША і Канады з-за падозраньняў у датычнасьці яго да палітычных выкраданьняў у Беларусі). Мерапрыемства было ініцыянавана дэлегацымі Беларусі і Філіпінаў, а таксама ўпраўленьнем ААН па наркотыках і амерыканскай няўрадавай арганізацыяй “Жывыя галасы”. Родныя зьніклых і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі накіравалі ліст Генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну з заклікам не дапусьціць удзелу У. Навумава ў міжнародным форуме: “Мы лічым удзел Навумава ў міжнароднай канферэнцыі пад эгідай ААН парушэньнем літары і духу Рэзалюцыяў і Канвенцыяў ААН”. Прэс-служба ААН у сваю чаргу адказала, што Генеральны сакратар ААН ня мае паўнамоцтваў дазваляць ці забараняць камусьці ўдзел у канферэнцыі, паколькі гэта зьяўляецца прэрагатывай старшыні Генеральнай Асамблеі ААН. Уладзімір Навумаў быў дапушчаны на форум, і гэтая падзея выклікала адмоўную рэакцыю ня толькі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, а і некаторых еўрапейскіх краінаў. Так, дэлегацыя Нідэрландаў байкатавала міжнародны форум. “Урад Нідэрландаў прыняў рашэньне не накіроўваць дыпламатычных прадстаўнікоў для ўдзелу ў дадзенай канферэнцыі, паколькі міністр Навумаў, якога падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў беларускіх палітыкаў у 1999-2000 гадах, зьяўляўся адным з арганізатараў канферэнцыі. Рашэньне ўраду было падтрыманае большасьцю дэпутатаў нідэрландскага парламенту”, -- пракаментаваў сітуацыю супрацоўнік прэс-службы МЗС Нідэрландаў Ахмед Даду.
30 жніўня ва ўсім сьвеце адзначаўся Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў. З гэтай нагоды Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам дбаць пра вырашэньне праблемы зьніклых і клапаціцца пра іх сем’і. Камітэт таксама апублікаваў справаздачу “Зьніклыя бязь вестак – схаваная трагедыя”, дзе адзначна, што для вырашэньня праблемы зьніклых “робіцца недастаткова”, і што адсутнасьць інфармацыі аб зьніклых прымушае іх сваякоў пакутаваць штодзень, не дае ім магчымасьці разьвітацца са сваімі блізкімі і перагарнуць гэтую сумную старонку свайго жыцьця. Але часта для вырашэньня праблемы не хапае менавіта палітычнай волі.