Фотарэпартаж вызваленьня Артура Фінькевіча
5 лютага ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі палітвязьня Артура Фінькевіча. На судовае паседжаньне прыйшлі магілёўскія прадстаўнікі грамадзкасьці, з Менску прыехалі падтрымаць зьняволенага моладзевага лідэра палітыкі і паплечнікі, сярод якіх былі Зьміцер Федарук, Наста Палажанка, Людвіся Атакулава, Уладзімір Сяргееў, Мікола Сяргеенка, нядаўна вызвалены Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Алесь Міхалевіч, Эніра Браніцкая, Вячаслаў Сіўчык, Аляксандр Макаеў, а таксама прадстаўнік амерыканскай амбасады і праваабаронцы.
Калегія Магілёўскага абласнога суду пад старшынствам судзьдзі Ігара Прошкі нечакана для многіх пастанавіла зьмяніць вынесены Артуру Фінькевічу прысуд раённага суду ад 20 сьнежня і вызначыла пакараньне, якое актывіст “Маладога Фронту” ужо адседзеў на гэты момант. Такім чынам, праз некалькі гадзінаў палітвязень апынуўся на волі. Усе чакалі ягонага вызваленьня каля сьледчай турмы № 4.
Адвакатка адразу наведала Артура Фінькевіча і паведаміла яму навіну. Артур падзякаваў усім за падтрымку.