Амэрыканская газэта “International Herald Tribune” разглядае выпадкі рэлігійнага перасьледу ў Беларусі. Газэта называе “драконаўскім” новы беларускі закон аб свабодзе веравызнаньняў. Раней прадстаўніца амэрыканскай праваабарончай арганізацыі “Freedom House” ужо назвала гэты закон найбольш рэпрэсіўным у Эўропе (паводле Радыё “Свабода”)
На думку аглядальнікаў “International Herald Tribune”, асноўная мэта новага беларускага закону аб веравызнаньнях – “падрэзаць крылы” канкурэнтам расейскай праваслаўнай царквы, якая ёсьць аднам з падмуркаў аўтарытарнай улады Аляксандра Лукашэнкі. Газэта адзначае, што нават да таго, як новы закон уступіў у сілу 16 лістапада, прадстаўнікі многіх рэлігійных меншасьцяў у Беларусі траплялі пад рэпрэсіі. У прыватнасьці, узгадваюцца арышты беларускіх індуістаў, разбурэньне ў жніўні будынку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, абмежаваньні на дзейнасьць шэрагу пратэстанцкіх цэркваў.
Газэта цытуе Фэлікса Корлі, рэдактара службы навінаў лёнданскага інстытуту Кестан, які займаецца пытаньнямі рэлігійнай свабоды ў сьвеце. Ён кажа, што ў Беларусі “цягам апошніх гадоў дзейнічае сетка абмежаваньняў і кантролю за рэлігійнымі супольнасьцямі”.
“Немагчыма праводзіць мерапрыемствы не ў памяшканьні. Немагчыма пабудаваць царкву без дазволу ўладаў, і немагчыма атрымаць дазвол. Новы закон насамрэч зафіксаваў гэта і прыціснуў усё,” – лічыць Корлі.
Раней дырэктарка цэнтру рэлігійнай свабоды амэрыканскай арганізацыі “Freedom House” Ніна Шэй жорстка скрытыкавала Беларусь за прыняцьце гэтага закону. “Там відавочна найгоршыя ў Эўропе рэлігійныя рэпрэсіі, а цяпер там яшчэ і найбольш рэпрэсіўны ў Эўропе рэлігійны закон,” – працытавала яе кампанія CNSNews.
“Freedom House” зьвярнуўся да адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з заклікам выступіць у абарону рэлігійнай свабоды ў Беларусі. Аляксей Знаткевіч, Менск