viasna on patreon

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў заблыталіся ў законах аб адукацыі

2008 2008-02-01T16:24:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Аб неабходнасьці зьменаў у амаль сотні законаў, якія рэгулююць сфэру адукацыі, паведаміў Уладзімір Здановіч. Адначасова вядзецца праца над Кодэксам аб адукацыі. На дадзены момант прыняцьцё Кодэксу тармозіцца пытаньнямі аб сярэдняй адукацыі.

­ Пра гэта старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-культурнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч распавёў у інтэрвію БелаПАНу:

«Многія заканадаўчыя пытаньні адукацыі могуць быць вырашаныя ў рамках Кодэксу аб адукацыі. Зараз жа атрымоўваецца парадаксальная сытуацыя. Падавалася б, унясеньне зьменаў і дапаўненьняў у закон прыняць прасьцей. А атрымоўваецца наадварот: нам лягчэй было б прыняць закон аб школе, аб вышэйшай адукацыі, чым выкліканыя гэтымі законамі зьмены ў іншыя дакумэнты. Працу над дакумэнтамі запавольвае мноства юрыдычных супярэчнасьцяў».

Уладзімір Здановіч лічыць, што праца над Кодэксам аб адукацыі не завершаная, бо распрацоўшчыкі не прынялі канчатковага рашэньня па некаторых пытаньнях аб сярэдняй адукацыі: напрыклад, ад якога ўзросту трэба аддаваць дзіця­ ў сярэднюю агульнаадукацыйную школу, а таксама колькі тое навучаньне мусіць доўжыцца.

Дэпутат паведаміў, што пасьля новага году ў Палату прадстаўнікоў паступіў праект закону «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях вышэйшай адукацыі».

31 студзеня на паседжаньні парлямэнцкай камісіі ўжо паступіла прапанова аб’яднаць гэты законапраект з праектам закона «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі».

Сытуацыя вакол Кодэксу аб адукацыі можа праясьніцца ў другой палове лютага: альбо будзе дадзенае «зялёнае сьвятло» Кодэксу, альбо працягнуцца зьмены існуючых законаў і напісаньне новых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства